„Смалявічы” разграмілі „Гарадзею”



Футбалісты „Смалявічаў” дамагліся першай перамогі ў матчах 30-га чэмпіянату Беларусі, абыграўшы ў 12-м туры „Гарадзею” з лікам 4:1. Прымаючы гарадзейцаў на поле барысаўскага гарадскога стадыёна, падначаленыя Аляксандра Бразевіча ўжо ў першым тайме двойчы засмуцілі брамніка супернікаў Ігара Даўгялу. На 16-й хвіліне гульні верхавую перадачу з левага фланга атакі замкнуў Яўген Барсукоў, а яшчэ праз 20 хвілін Аляксей Вакуліч падвоіў лік. Адразу пасля перапынку „Смалявічы” правялі яшчэ адну атаку, пасля якой абаронца „Гарадзеі” Кірыл Паўлючак зрэзаў мяч у сваю браму. На 72-й хвіліне сербскі легіянер гасцей Лазар Саіч скараціў разрыў у ліку, выдатна выканаўшы штрафны ўдар, а незадоўга да фінальнага свістка паўабаронца гаспадароў Анатоль Макараў паставіў апошнюю кропку ў гэтай сустрэчы – 4:1. Яшчэ чатыры сустрэчы адбудуцца сёння: „Іслач” прымае берасцейскі „Рух”, „Слуцк” пазмагаецца на сваім полі з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗ”, мазырская „Славія” сустрэнецца з гарадзенскім „Нёманам”, а берасцейскае „Дынама” будзе змагацца з „Менскам”. Лідар першынства барысаўскі БАТЭ свой матч 12-га тура правядзе заўтра ў гасцях у „Віцебска”.

Дзмітрый Молаш узначаліў „Ліепаю”

Беларускі трэнер Дзмітрый Молаш узначаліў „Ліепаю”. Раней былы абаронца працаваў асістэнтам Андрэя Калініна, які быў адпраўлены ў адстаўку. Молаш папоўніў трэнерскі штаб „Ліепаі” у цяперашнім міжсезонні. Яго папярэднім месцам працы быў БАТЭ, дзе ён асіставаў Аляксею Баге. За дзень да кантрольнага матчу са „Спартаком” прэзідэнт „Ліепаі” Алег Храмаў увайшоў у распранальню каманды і абвясціў аб сыходзе Калініна. Чэмпіянат Латвіі не стартаваў у тэрмін з-за пандэміі каронавіруса. Чакаецца, што першы тур адбудзецца 15 чэрвеня, калі ўрад Латвіі здыме абмежаванні на правядзенне спартовых мерапрыемстваў у краіне.

„Менск” абыграў смалявіцкую „Вікторыю” пасля аднаўлення чэмпіяната Беларусі па хакеі на траве

Каманда ХК „Менск” абыграла смалявіцкую „Вікторыю” з лікам 4:2 у матчы 5-га тура чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. Турнір аднавіўся пасля ўзятай у красавіку вымушанай паўзы ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Менчанкі па ходу паядынку кантралявалі сітуацыю і заслужана перамаглі дзякуючы хет-трыку Хрысціны Папко.

У яшчэ адным матчы тура ХК „Тэкстыльшчык-БарДУ” (Баранавічы) нанёс паразу сталічнай дружыне СДЮШАР ХК „Менск” – 4:0.

Матчы адборачнага раўнда ЧЕ-2021 па валейболе перанеслі на студзень

Адборачны раўнд мужчынскага чэмпіянату Еўропы па валейболе, які быў запланаваны на канец жніўня, перанеслі на студзень 2021 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі валейбола.

У групе G, дзе акрамя падначаленых Віктара Бекшы выступяць каманды Нарвегіі, Партугаліі і Вугоршчыны, рашэнне было прынята пасля шэрагу анлайн-нарад паміж прадстаўнікамі зборных. Таксама ўдзельнікі перамоў вызначылі, што дружыны згуляюць паміж сабой у фармаце двух тураў, а не па сістэме гульня дома-гульня на выездзе. У якіх двух з чатырох краін пройдуць дадзеныя спаборніцтвы, стане вядома на наступным тыдні.

Што тычыцца жаночага чэмпіянату Еўропы, то тэрміны правядзення адбору засталіся ранейшымі – канец жніўня. Аднак будзе зменены фармат правядзення турніру. Жаночая зборная Беларусі згуляе адзін адборачны тур, краіна-гаспадыня якога таксама вызначыцца на наступным тыдні. У групе А, дзе гуляюць падначаленыя Дзяніса Матвеева, іх суперніцамі стануць валейбалісткі з Эстоніі і Швейцарыі.

Беларускае Радыё Рацыя