Спартоўцы „Менска” зраўнялі лік у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
Футбольны клуб „Менск” другі раз запар абыграў гомельскі ВРЗ і зраўняў лік у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Пасля буйной гасцявой вікторыі ў Гомелі (7:3) менчукі на сваёй пляцоўцы вырвалі перамогу з мінімальнай перавагай – 1:0. У асноўны час гульні нікому з супернікаў не ўдалося вызначыцца і толькі за хвіліну да заканчэння авертайму Сяргей Остэртах прынёс перамогу гаспадарам пляцоўкі. Пяты, вырашальны паядынак за выхад у фінал адбудзецца 25 траўня ў Гомелі.
Федэрацыя футбола пазбавіла тры клубы ачкоў у сезоне-2023
Беларуская федэрацыя футбола (АБФФ) пазбавіла тры клубы ачкоў у сезоне-2023. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні Камітэта па клубным ліцэнзаванні АБФФ. „Шахцёр” страціў пяць балаў (цяпер -16), „Энергетык-БДУ” — тры балы (-16), „Белшына” — адзін бал (-6).
Пакаранне накладзенае ў рамках справы пра маніпуляванне спартовымі вынікамі ў футболе. У рамках гэтай справы ў „Шахцёра” ўжо забралі залатыя медалі чэмпіянату-2022 і дыскваліфікавалі дзясяткі гульцоў. Таксама клуб пазбавілі 30 ачкоў у гэтым сезоне і 20 ачкоў у наступным. „Энергетык-БДУ” застаўся без срэбраных медалёў за 2022 год.
З менскага „Дынама” сышоў футбаліст, які гуляў у чэмпіянаце Беларусі 2 хвіліны
24-гадовы футбаліст з Буркіна-Фасо Абдул Бандаога пакідае клуб „Дынама-Менск”, паведамляе прэс-служба каманды. Кантракт з ім спынены па пагадненні бакоў. Да Беларусі спартовец гуляў за партугальскі „Трафэнсэ”. За мінскае „Дынама” ён згуляў у чэмпіянаце Беларусі 22 красавіка ў матчы супраць „Нафтана”, які скончыўся з лікам 3:1. На полі Бандаога правёў усяго дзве хвіліны, бо выйшаў на замену на 88-й хвіліне сустрэчы. Паводле інфармацыі партала Transfermarkt, яго кошт складае 175 тысяч еўра.
„Ювентус” на выездзе буйна прайграў „Эмполі”
У матчы 36-га тура чэмпіянату Італіі па футболе „Эмполі” дома разабраўся з „Ювентусам” з лікам 4:1. Некалькі гадзін таму турынскі клуб быў пазбаўлены 10 ачкоў у табліцы чэмпіянату Італіі і апусціўся на 7-е месца па-за зонай еўракубкаў. У матчы 37-га тура чэмпіянату Англіі „Ньюкасл” дома згуляў унічыю з „Лестэрам” з лікам 0:0.
Тым самым „Ньюкасл” забяспечыў сабе месца ў наступным розыгрышы Лігі чэмпіёнаў
Дзве беларускі выйшлі ў 2-і раунд кваліфікацыі „Ралан Гарос”
Дзве беларускія тэнісісткі паспяхова стартавалі ў кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату Францыі. Крысціна Дзмітрук усяго за 50 хвілін упэўнена перайграла ў двух сэтах французскую тэнісістку Дафні Мпетшы Перыкар – 6:1, 6:3. У другім крузе яна сустрэнецца з Сімонай Вальтар са Швейцарыі. Ірына Шымановіч таксама ў дзвюх партыях перамагла прадстаўніцу Кітайскага Тайбэя Джаану Гарланд – 6:4, 6:0. Наступнай суперніцай беларускі будзе францужанка Марго Руўруа. Раней беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова прайграла бразільянцы Лаўры Пігасі – 1:6, 3:6. Каб прабіцца ў асноўную сетку „Ралан Гарос” трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя бар’еры.
Беларускае Радыё Рацыя
