Спартовы журналіст Аляксандр Ярмаш выбраў сумленне і звольніўся з БТ
Працаваць ці не працаваць у сістэме? Мець чыстае сумленне ці заплюшчыць вочы ды зарабляць грошы не зважаючы на апошнія падзеі ў краіне? Cпартовы журналіст, каментатар, вядоўца спартовай часткі «Панарамы» на Беларускім тэлебачанні Аляксандр Ярмаш зрабіў свой выбар і па ўласным жаданні сышоў з дзяржаўнага тэлебачання. Такім чынам ён не стаў мірыцца з палітыкай тэлеканала і тым, як падаецца інфармацыя аб бягучых падзеях у краіне. Некаторыя падрабязнасці ён распавёў нашаму радыё.
РР: Цябе можна павіншаваць з заканчэннем гэтага этапу кар’еры? Якія адчуванні пасля звальнення, смутак альбо радасць ад таго, што наперадзе нешта новае?
Аляксандр Ярмаш: Ёсць смутак. Але і радасць ад таго, што сышоў з гэтага месца, бо апошні час складана было прыходзіць на працу. Пасля выбараў я працаваў на працягу двух тыдняў, а потым сышоў у адпачынак. Ноччу перад звальненнем вельмі дрэнна спаў. У гэты дзень адбылася таемная iнаўгурацыя i ўвечары зноў адбыўся гвалт “праваахоўнікаў”. Калі чытаеш навіны на tut.by, onliner.by і на тым жа «Nexta» пра падзеі ў краіне, ты вельмі блізка да сэрца усё гэта прымаеш. 24 верасня забраў працоўную кніжку, і усё – «свободный художник», як кажуць у футболе. Але насамрэч, вельмі моцных перажыванняў не было. Разумеў, чым можа адгукнуцца тое, што я выказваў сваю пазіцыю ў фэйсбуку, падтрымліваў каментатара Улада Татура, які таксама сышоў з Беларускага тэлебачання і быў пасля затрыманы на адной з акцый пратэсту ў Менску.
РР: Яго затрыманне для цябе стала нечаканасцю?
Аляксандр Ярмаш: Не, чаму? Калі ты ідзеш на плошчу, то адчуваеш рызыку і разумееш, што бліжэйшы час можаш правесці на Акрэсціне ці ў Жодзіне. Ужо перад тым, як выйсці на вуліцу, ты разумееш, што можаш апынуцца недзе там…Таму нейкага шоку ад гэтай навіны не было. Ды і нагадаю, што затрымалі не толькі Улада, але і Віктара Казюліна і Сяргея Шчурко (былы і цяперашні аўтары «Прессбола» – заўвага. аўт. ). А паказальны арышт славутай баскетбалісткі Алены Леўчанкі?! Абсалютна подлае затрыманне ў аэрапорце… Лена ж нікуды не хавалася, ляцела на планавую рэабілітацыю, каб у хуткім часе вярнуцца на гульнявую пляцоўку, доўга дамаўлялася на гэты конт. І так паскудна сапсавалі чалавеку планы… А яшчэ ў той жа дзень „праваахоўнікі” хацелі завітаць да Артура Удрыса. Але ж крыху спазніліся, бо валейбаліст некалькі дзён таму паляцеў у Францыю, дзе падпісаў кантракт з новым клубам. Вяртаючыся да Леўчанкі… Гэта ж ўвогуле нейкі абсурд! Адразу ж зразумела, што будзе сусветны рэзананс. Улада і без таго зрабіла шмат ганебных крокаў. Відаць, вырашылі гуляць – дык гуляць?! Я быў на судзе па справе Алены. Суддзя рабіла высновы па фотаздымках у „Прессболе” ды профілю Леўчанкі ў інстаграме. Сведкаў па патрабаванні адваката не запрасілі… Усе назіральнікі за судом – а нас сабралася каля 30 чалавек, і гэта толькі тыя, хто пасьпеў на разгляд, бо яго старанна пыталіся правесці як мага хутчэй – спадзяваліся на штраф для Алены. Але ёй далі па максімуму – 15 сутак. Леўчанка, кажуць, злосны парушальнік! Мела пакаранні ад ДАІ за хуткую язду! Мне падалося, што сама Леўчанка не чакала такого выніку разгляду яе справы, але ж трымаецца вельмі добра для чалавека, які з „самым чэсным” беларускім судом сутыкнулася ўпершыню. Упэўнены, адтуль яна вернецца яшчэ больш моцным грамадзянінам сваёй краіны. Хоць, здавалася б, куды ўжо мацней?!
РР: Сам ты яшчэ вядоўцам БТ выходзіў на акцыі пратэсту ці толькі праз сацыяльныя сеткі выказваў свой пратэст? Дарэчы, бачыў у сеціве, што ты крытыкаваў дзеянні ўладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Па шапцы», што называецца, ад кіраўніцтва за гэта не прылятала?
Аляксандр Ярмаш: Наконт выходзіў ці не – пытанне правакацыйнае, але ёсць у інтэрнэце здымкі, дзе я быў заўважаны на такіх акцыях. Канешне, калі ты ідзеш уразрэз з палітыкай партыі, то могуць патэлефанаваць, але пасля выбараў нічога такога не адбывалася ў мой бок. Нягледзячы ў тым ліку на тое, што падпісаў вядомую петыцыю спартоўцаў з патрабаваннямі да ўладаў. Сярод падпісантаў, а іх ужо амаль 700, нагадаю, ёсць не толькі спартоўцы, але і працаўнікі галіны. Так, быў эпізод, калі я размясціў пост з асуджэннем сілавікоў, атрымалася даволі эмацыйна, і ўжо праз некалькі хвілін мне тэлефанаў загадчык аддзела ды прасіў выдаліць гэты допіс. На што ў той час я пайшоў, бо мы з ім у добрых адносінах. Пасля гэтага яшчэ адбылася размова, мы выказалі адзін аднаму сваю пазіцыю. Мне растлумачылі, чаму, працуючы ў гэтай сістэме так выказвацца не тое што немагчыма, але гэта можа мець свае наступствы і паўплываць на мой кар’ерны рост ці хучэй яго адсутнасць.
РР: Што прывяло цябе да такога рашэння – больш не працаваць на Беларускім тэлебачанні, што стала той самай апошняй кропляй?
Аляксандр Ярмаш: Рашэнне далося вельмі проста, бо мая пазіцыя была прынцыповай: сыходжу, калі нічога не мяняецца ў тым, як падаецца інфармацыя на нашым тэлеканале. Я працаваў у Агенстве тэлевізійных навінаў – гэта тая структура, якая адказвае за інфармацыйныя выпускі на канале Беларусь-1. Так, я не працаваў там, дзе сутыкаюцца з палітычнымі пытаннямі, але ж калі ты вядзеш «Панараму», і перад табой на працягу 40 хвілінаў разважаюць над тым, хто там гэтыя мітынгоўцы, якія яны дрэнныя, у той час як знутры я бачыў, што на акцыі прыходзяць далёка ня толькі маладыя, рашуча настроеныя супраць сілавікоў хлопцы, як гэта ўсё падаецца ў навінах… Калі ты бачыш задавальненне на тварах людзей, якія выйшлі выказаць сваё меркаванне наконт сітуацыі, разумееш, што вельмі шмат людзей разважаюць наконт сваёй будучыні і жадаюць бачыць яе іншай за тую, якую прапануе нам улада. На мой погляд гэта абсалютна здаровае жаданне, і чаму б яго не рэалізоўваць? У той жа час на дзяржаўным тэлебачанні інфармацыя падаецца аднабакова – і з гэтым складана мірыцца.
РР: Як адрэагавалі бацькі, сябры і калегі на тваё рашэнне сысці з БТ?
Аляксандр Ярмаш: Нехта з калегаў шкадаваў (усё ж такі я 6 гадоў працаваў на Беларусь-1). Смутак і ў мяне ёсць, праўда, хутчэй па людзях, з якімі быў разам і з якімі ў мяне добрыя стасункі. Тэлефанавалі і калегі з іншых тэлеканалаў, падбадзёрвалі. Сябры таксама безумоўна падтрымліваюць. Пісалі і невядомыя людзі, калі пабачылі ў інстаграме пост аб тым, што я сыходжу. І вось яшчэ адзін нюанс… Зараз не хапае на тэлебачанні людзей, і наш спартовы аддзел час ад часу ездзіць на здымкі ўсялякіх мітынгаў, зразумела не тых, якія мы бачым па нядзелях пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Дык вось калі б мне сказалі: «Саша, ты заўтра едзеш на гэты мітынг», то адназначна пачулі б «не». І гэта на 90 адсоткаў скончылася б маім звальненнем – гэта яшчэ адна з прычын, чаму я сыйшоў. Камандзіроўка на Алімпіяду ў Токіа і комната ў службовым інтэрнаце, якую давялося пакінуць, мяне не маглі затрымаць ў АТН.
РР: Ці праўда, што і ад саміх спартоўцаў, тых хто не падтрымлівае дзеючую ўладу, была яўная непрыязнасць да мікрафона з надпісам «БТ» і даходзіла да таго, што яны адмаўляліся даваць інтэрв’ю?
Аляксандр Ярмаш: Так, ёсць такі факт. Адчуваецца напружанне.Тыя ж футбалісты, якіх часта крытыкуюць за тое, што яны не выказваюць сваю пазіцыю, час ад часу паказваюць на надпіс «Беларусь-1» і адмаўляюцца ад каментароў – гэта было ўжо неаднаразова. Таксама і вядомымі жэстамі падчас святкавання галоў і ў чэмпіянаце Беларусі і на еўраарэне яны выказваюць сваю пазіцыю аб тым, што выступаюць за перамены ў нашай краіне.
РР: Якая зараз сітуацыя на беларускім тэлебачанні і ці многа штрэйхбрэйкераў з Расеі прыехалі працаваць на БТ пасля звальнення многіх супрацоўнікаў.
Аляксандр Ярмаш: Напружанне адчуваецца – гэтага нельга не заўважыць. Ёсць стома у супрацоўнікаў тэлеканала ад усяго што адбываецца. Кіраўніцтва ж гне сваю лінію, спушчаную зверху. Можна казаць аб пэўным расколе сярод тых, хто застаецца там працаваць. Што датычыць журналістаў з Расеі, то я заўважыў, што супрацоўнікі «Russia today», якія прыехалі працаваць у Беларусь, спачатку робяць сюжэты для свайго канала, а потым яны выходзяць і на нашым тэлебачанні. Але прамога кантакту з расейскімі журналістамі ў мяне не было. І не маю інфармацыі аб тым, што нейкую групу журналістаў прывезлі працаваць менавіта на БТ. Але ж ёсць факты, калі на ОНТ у цітр-тэме з’явілася рэжучае вока “Белоруссия”. Беларус бы так не напісаў.
РР: Але крыху вернемся да тваіх каранёў. Ведаю, што ты не адразу прыйшоў у прафесію спартовага журналіста…
Аляксандр Ярмаш: Так, гэта адбывалася паступова, яшчэ падчас навучання ў Гарадзенскім палітэхнічным каледжы па спецыяльнасці „Прамысловае і грамадскае будаўніцтва”. Ужо тады я разумееў, што гэта не тая сфера, дзе мне хочацца працаваць. Затое каледж даў мне знаёмства з людзьмі, якія сябравалі з прадстаўнікамі медыя. Разам у тым ліку з табой і Аляксеем Багдановічам (у той час журналіст Гарадзенскай тэлерадыёкампаніі) мы гулялі ў футбол за каманду «Вінтэртур». І вось пасля адной з трэніровак, за бутылкай піва ў жартаўлівай размове і завязалася гэтая ідэя, а затым мара не мара, хучэй мэта – трапіць на тэлебачанне. Адразу хацелася паспрабаваць сябе на гарадзенскім ТБ, але ж так склалася, што калі прыехаў у Менск, зразумеў, што можна застацца працаваць у сталіцы. Я – канешне патрыёт: гарадзенскі «Нёман», «жоўтазялёныя»… Гэта на ўсё жыццё ў сэрцы… Але ж у Менску больш магчымасцяў, часцей за ўсё там базуюцца і праводзяць гульні нацыянальныя зборныя па футболе, гандболе. Нават з гэтага пункту гледжання цікавей праца ў сталіцы, чым недзе ў рэгіёне.
РР: Вяртаючыся да набалелага…Спартоўцы як і ўсё грамадства падзялілся зараз на тых, хто падтрымлівае ўладу, захоўвае нейтралітэт ці выказвае сваю нязгоду з палітыкай уладаў і гвалтам на вуліцах беларускіх гарадоў. Зразумела, кожны выбірае свой шлях, але ці на твой погляд у гэтых умовах годна, гаворачы «па-фанацку», «тапіць» за ўладу, у той час, калі на вуліцах збіваюць людзей толькі за іх палітычныя перакананні і жаданне самім выбіраць сабе ўладу?
Аляксандр Ярмаш: Кожны, сапраўды, вырашае для сябе сам, як да гэтага ставіцца. Трэба адзначыць, што некаторыя спартоўцы шчыра вераць у тую пазіцыю, якая выказваецца ўладамі, што на вуліцах дрэнны, дэструктыўны народ, які хоча зламаць гэтую сістэму, дзе ўсё адбываецца праз дубінку. Калі лічыць, што пратэстоўцы – гэта наркаманы, праплачаныя хлопцы і дзяўчаты, якія да таго ж можа і не з Беларусі, то іх пазіцыю можна неяк і зразумець. Маўляў, невядома каго завезлі ў нашу краіну і яны намагаюцца рабіць тут рэвалюцыю. Але думаю, калі тыя спартоўцы проста пойдуць у нядзелю ў горад, яны зразумеюць, хто насамрэч выходзіць на вуліцы, калі яны гэтага не бачаць.
РР: Мы з табой з Гарадзеншчыны. Наш вядомы зямляк Іван Ціхан нядаўна стаў старшынёй Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Перад гэтым яго заўважылі на мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў Гародні, а затым і на інаўгурацыі. Многія кажуць, што прыхільнасць дзеючай уладзе як раз і дапамагла яму заняць месца на чале федэрацыі, замяніўшы на гэтай пасадзе Вадзіма Дзевятоўскага, ад якога ніхто не чакаў няхай і выдаленага ўжо допіса ў фэйсбук «Лукашенко – не мой Президент!».
Аляксандр Ярмаш: Тое, што Ціхан – заслужаны атлет нашай краіны, няма сэнсу спрачацца. А вось тое, што ён узначаліў федэрацыю для мяне было ў пэўнай ступені нечаканым, бо Іван рыхтаваўся да сваёй чарговай Алімпіяды. Мне здаецца, і асабліва ў лёгкай атлетыцы, гэта тая вышыня, да якой імкнецца кожны спартовец. Ціхан у сваім узросце можа яшчэ прэтэндаваць на медаль. Так здарылася, што з-за каронавіруса перанеслі Алімпійскія гульні на наступны год. Але ж ён выказваў думкі пра тое, што збіраецца там выступаць. І зараз, калі ты працаваў на гэта чатыры гады, кажаш, што будзеш узначальваць федэрацыю… Верагодна, што як спартовец ён такім чынам завершыў сваю кар’еру. З іншага боку, ты заўсёды можаш адмовіцца. Калі б Іван сказаў пакуль яшчэ дзеючаму прэзідэнту, што ён не хоча займаць гэтую пасаду, бо ёсць шанцы на медалі у Токіа, я думаю, Лукашэнка быў бы рады, калі б Іван там выступіў і заваяваў узнагароды.
РР: Падзяліся сваімі планамі на будучыню. Дарэчы, ці не баішся з-за свайго звальнення атрымаць «воўчы квіток»?
Аляксандр Ярмаш: Мабыць, ён і будзе, але пакуль праца ёсць, хоць і не такая «стабільная», кажучы папулярным словам, якое прымяняюць у нашай краіне ў апошнія гады. Так, складанасцяў у жыцці дадалося, але затое маю чыстае сумленне. Я не жадаю аб гэтым кроку, бо разумеў, на што іду. Пакуль жа ў планах падцягнуць беларускую і ангельскую мовы, пачытаць – набыў вось тры кніжкі на мове, адна з іх вельмі актуальная для нас – раман-антыўтопія «1984». Часам у нашай краіне адбываецца нешта падобнае, верагодна нават такое, што і сам Джордж Оруэл уявіць сабе не мог. Што датычыць працы… IT ж ёсць, правільна? Не лічу сябе дурным хлопцам, паспрабую пайсці ў гэтую сферу, спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца – і гэта не проста словы, а цвёрды намер і пастаўленая мэта.
Размаўляў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя