Спартыўнаму журналісту Івуліну выставілі абвінавачанне па крымінальнай справе
Журналісту спартыўнага сайта by.tribuna.com і футбалісту клуба першай лігі „Крумкачы” (Менск) Аляксандру Івуліну выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведаміла рэдакцыя.
Пазней стала вядомая мера стрымання: заключэнне пад варту на два месяцы.
У межах названага артыкула КК прадугледжаныя наступныя санкцыі: арышт; абмежаванне волі ад двух да пяці гадоў; пазбаўленне волі да чатырох гадоў.
3 чэрвеня Івулін быў затрыманы ў сваёй кватэры і на наступны дзень арыштаваны на 30 сутак на падставе ч. 3 арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за бел-чырвона-белы сцяг на акне. Журналіст не пагадзіўся з абвінавачаннем, заявіўшы, што пры вобшуку кватэры сілавікамі сцяга не было.
За суткі да заканчэння тэрміну адміністрацыйнага арышту, у Міжнародны дзень спартыўнага журналіста, стала вядома, што Івулін падазраецца паводле ч. 1 арт. 342 КК, тэрмін яго ўтрымання пад вартай працягнуты да 12 ліпеня.
5 ліпеня беларускія праваабаронцы прызналі Івуліна палітвязнем.
У снежні мінулага года Івулін быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (810 рублёў) паводле абвінавачання ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 15 лістапада.
Фота: mogilev.online