Сталі вядомыя фіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Другім фіналістам футбольнай Лігі чэмпіёнаў стаў лонданскі «Чэлсі», які абыграў у Лондане мадрыдскі «Рэал» з лікам 2:0. Першая гульня завяршылася нічыёй 1: 1. Атакі «Чэлсі»  былі куды больш небяспечнымі, і толькі дзякуючы Цібо Куртуа лік не быў больш буйным. Галявымі сталі толькі ўдары Ціма Вернэра ў першым тайме і Мэйсана Маунта  – у канцоўцы другога. У «Рэала» самыя рэальныя шанцы былі ў Карыма Бензема, але ў гэтых эпізодах выдатна гуляў брамнік «Чэлсі» Мендзі. У фінале «Чэлсі» згуляе супраць «Манчэстар Сіці». Гэтая гульня пройдзе 29 траўня ў Стамбуле.

Барысаўскі БАТЭ другі раз запар выйшаў у фінал Кубка Беларусі

Барысаўскі БАТЭ другі раз запар выйшаў у фінал розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. У гасцявым паўфінальным паядынку з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” уладальнікі Кубка краіны згулялі ўнічыю  – 1:1. На 30-й хвіліне гульні Якаў Філіпавіч вывеў барысаўчан наперад, а праз 7 хвілін Дзмітрый Анцілеўскі аднавіў раўнавагу. У першым матчы барысаўчане разграмілі тарпедаўцаў на сваім полі з лікам 4:1.

У фінале супернікам падначаленых Віталя Жукоўскага будзе яго былая каманда „Іслач”, якая на полі маладзечанскага гарадскога стадыёна сенсацыйна абыграла дзеючага чэмпіёна краіны  – салігорскі „Шахцёр” з лікам 2:0. Іх першая сустрэча ў Салігорску завяршылася мінімальнай перамогай „Шахцёра”  – 1:0. Для футбалістаў „Іслачы”, якіх цяпер трэніруе Арцём Радзькоў, гэта будзе першы кубкавы фінал, для барысаўчан  – дзясяты. Вырашальны паядынак 30-га Кубка Беларусі адбудзецца 23 траўня ў Гомелі.

Казахстанскі клуб абвясціў аб расставанні з Аляксеем Багай

Казахстанскі «Рэйнджэрс» абвясціў аб расставанні з беларускім трэнерам Аляксеем Багай. Пагадненне скасавана па згодзе бакоў.

Аляксей Бага ўзначаліў казахстанскі клуб у канцы мінулага года і ў студзені прыступіў да працы з камандай. Цяпер казахстанскі клуб з 9 ачкамі займае 10-е месца ў чэмпіянаце. Каманда Багі прайграла 4 гульні запар. Раней Бага трэніраваў БАТЭ і «Жальгірыс». З барысаўчанамі Бага станавіўся чэмпіёнам Беларусі, а з камандай з Вільні  – чэмпіёнам Літвы.

Дзмітрый Мінько выйграў срэбра турніру „Вялікага шлема” ў Казані

Дзюдаіст Дзмітрый Мінько, які выступае ў вагавой катэгорыі 66 кг, выйграў срэбра турніру „Вялікага шлема”, які стартаваў у Казані.

У стартавым паядынку атлет з Магілёўскай вобласці датэрмінова выйграў у італьянца Матэі Мічэла. Затым былі вікторыі над бразільцам Даніэлем Каргніным і расейцамі Абдулой Абдулжалілавым з Якубам Шамілавым. У фінале мацней беларуса апынуўся яшчэ адзін прадстаўнік суседняй краіны – Мурад Чапанаў.

Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру ў Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 2,5 млн. еўра. У чвэрцьфінале сёмая ракетка планеты апынулася мацней за сваю напарніцу па парнаму турніру бельгійку Эліз Мёртэнс. Першы сэт беларуска выйграла з лікам 6:1, у другім вяла 4:0, пасля чаго суперніца вырашыла не працягваць сустрэчу. У барацьбе за выхад у фінал Арына Сабаленка згуляе з расейскай тэнісісткай Настай Паўлючэнкавай.

Кадола і Камароў далучыліся да трэніровачнага кэмпа зборнай Беларусі

Хакеісты Уладзіслаў Кадола і Мікіта Камароў, якія выступаюць у клубах КХЛ, далучыліся да трэніровачнага лагера зборнай Беларусі.

Нападнік „Северсталі” Уладзіслаў Кадола з 32 (9 + 23) баламі ў гэтым сезоне стаў трэцім бамбардзірам чарапавецкага клуба ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ. У 5 матчах Кубка Гагарына на яго рахунку 2 (2 + 0) балы. Гэта быў лепшы сезон гульца ў кар’еры.

Форвард „Авангарда” Мікіта Камароў стаў уладальнікам Кубка Гагарына ў складзе „Авангарда”. Ён правёў за „ястрабаў” 22 матчы ў рэгулярным першынстве КХЛ, у якіх адзначыўся 1 (1 + 0) ачком, 13 хвілінамі штрафу і паказчыкам карыснасці „+2”. У 13 матчах плэй-оф зарабіў 1 (0 + 1) бал пры 8 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+1”.

7 і 8 траўня зборная Беларусі, якая вядзе падрыхтоўку да чэмпіянату свету, правядзе ў Нюрнбергу два спарынгі супраць нямецкай зборнай.

Беларускае Радыё Рацыя