Сталі вядомыя патэнцыйныя супернікі „Нёмана” у апошнім кваліфікацыйным раўндзе ЛК



Вызначыліся патэнцыйныя супернікі «Нёмана», у выпадку праходу «Цэле», у апошнім кваліфікацыйным раўндзе Лізе канферэнцый. Гарадзенскі клуб, пры праходзе ў наступны раўнд, можа згуляць з пераможцам пары «АЕК» Ларнака – «Макабі» Тэль Авіў. Першы матч пройдзе 24 жніўня, другі – 31 жніўня.

БАТЭ заявіў на Лігу Еўропы Чарнавока і Сідзібе

БАТЭ заявіў на Лігу Еўропы паўабаронцаў Кірыла Чарнавока і Заі Сідзібе, якія папоўнілі склад барысаўскага клуба ў летняе трансфернае акно. Нагадаю, што ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе БАТЭ згуляе з «Шэрыфам» з Ціраспаля. Матчы пройдуць 10 і 17 жніўня.

Кенійскі форвард Лапага перайшоў у берасцейскае «Дынама»

Кенійскі нападнік Джасфат Лапага перайшоў у берасцейскае «Дынама».

20-гадовы футбаліст падпісаў кантракт, разлічаны на паўтара года – да завяршэння сезону.

Амерыканка Джонсан стала баскетбалісткай «Менска»

29-гадовая амерыканская баскетбалістка Кіяна Джонсан стала баскетбалісткай «Менска». У мінулым сезоне спартоўка гуляла за «Валюр Рэйк’явік. Яна прыняла ўдзел у 37-і матчах з сярэдняй статыстыкай у 19.7 ачкі, 7.8 падбору, 7.6 перадачы, 3.7 перахопа, у сярэднім знаходзячыся на пляцоўцы 35 хвілін. У плэй-оф чэмпіянату Ісландыі была прызнана MVP.

Задрафтаваны «Нью-Джэрсі» Карповіч падпісаў кантракт з «Нёманам»

Беларускі хакеіст Данііл Карповіч, задрафтаваны «Нью-Джэрсі», падпісаў кантракт з «Нёманам». Мінулы сезон Карповіч правёў у сістэме екацерынбурскага «аўтамабіліста». У 54-х гульнях рэгулярнага чэмпіянату і плэй-оф МХЛ на яго рахунку 37 (11+26) ачкоў. Па выніках мінулага сезону Данііл стаў лепшым абаронцам «Аўта» і з’яўляўся фіналістам намінацыі «Навічок года» ў МХЛ. Нагадаю, што на драфце НХЛ-2023 «Нью-Джэрсі» выбралі Карповіча ў шостым раўндзе пад 186-м нумарам.

Алістраў, Сапега і Фалькоўскі за сезон у СКА заробяць 422 тысячы даляраў

Сталі вядомыя заробкі беларускіх хакеістаў СКА. Абаронцы Сцяпан Фалькоўскі і Сяргей Сапега, а таксама нападнік Уладзімір Алістраў за год заробяць 422 тысячы даляраў. Раней з’яўлялася інфармацыя, што Сапега і Алістраў могуць пачаць сезон у «Сочы» праз перавышэнне СКА столі заробкаў.

Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі дапусціла 12 нейтральных спартоўцаў ад Беларусі да ЧС-2023

Выканаўчы камітэт міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF) зацвердзіў спіс нейтральных спартоўцаў, дапушчаных да чэмпіянату свету-2023. У яго ўвайшлі 12 спартоўцаў, 7 чальцоў абслуговага персаналу і 1 тэхнічны суддзя з беларускімі пашпартамі. Ніводны прадстаўнік Расеі не быў дапушчаны да спаборніцтваў.

ЧС пройдзе з 2 па 17 верасня. Нагадаю, у траўні IWF дапусціла 13 нейтральных беларусаў да кваліфікацыйнага турніру АГ з абавязацельствам не падтрымліваць вайну ва Украіне, адпаведную дэкларацыю не падпісалі расіяне.

Беларускае Радыё Рацыя