Сталі вядомыя паўфіналісты жаночага чэмпіянату Беларусі па валейболе
Сталі вядомыя паўфіналісты чэмпіянату Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд. На гэтай стадыі ў барацьбу за медалі ўступаюць валейбалісткі „Менчанкі”, супрацьстаяць якім будуць суперніцы з берасцейскага „Прыбужжа”. Берасцейкі ў чатырох матчах чвэрцьфінальнай серыі спынілі гарадзенскі „Камунальніка-ГрДУ”. Стартавыя гульні каманды правядуць у Берасці 21 і 22 сакавіка. Другую пару паўфіналістаў склалі „Жамчужына Палесся” з Мазыра і магілёўскі „Камунальнік-МДУ”. Першыя гульні адбудуцца ў Мазыры 21 і 22 сакавіка. Пераможцы будуць выяўлены ў серыях да трох перамог.
У новым рэйтынгу Кубка Дэвіса Беларусь займае 42-е месца
Абнародаваны новы рэйтынг нацыянальных каманд у Кубку Дэвіса: зборная Беларусі па тэнісе паднялася на тры пазіцыі і займае цяпер 42-е месца. Лідыруе зборная Францыі, другое месца ў рэйтынгу ў Харватаў, на трэцяй пазіцыі размясціліся іспанцы.
„Барселона” пазбавілася падтрымкі трыбун у матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў
Матч у адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў „Барселона” – „Напалі” пройдзе 18 сакавіка на стадыёне „Камп Ноў” без гледачоў. Такое рашэнне прынята з-за распаўсюджвання каранавіруса. Першы паядынак у Неапалі завяршыўся ўнічыю – 1:1. Такім чынам, матч „Барселоны” і „Напалі” стаў трэцяй сустрэчай у рамках Лігі чэмпіёнаў, які пройдзе без гледачоў з-за ўспышкі каранавіруса. Матч „Валенсіі” і „Аталанты”, прызначаны на 10 сакавіка, таксама адбудзецца пры пустых трыбунах. Да такога ж рашэння прыйшлі арганізатары сустрэчы дортмундскай „Барусіі” і французскага „Пары Сен-Жэрмен”.
„Энергетык”-БДУ і БАТЭ адкрыюць чэмпіянат Беларусі не ў Менску, а ў Барысаве
Першы матч чэмпіянату Беларусі-2020 у вышэйшай лізе, у якім 19 сакавіка сустрэнуцца „Энергетык”-БДУ і БАТЭ, перанесены з Менска ў Барысаў. Згодна лёсавання календара, каманды павінны былі згуляць у сталіцы Беларусі, аднак гульня пройдзе на полі віцэ-чэмпіёнаў краіны. Першапачаткова два першыя матчы чэмпіянату БАТЭ павінен быў правесці на выездзе. У другім туры барысаўчане згуляюць у гасцях з „Славіяй”.
Рашэнне аб правядзенні ЧС-2020 можа быць адкладзена да сярэдзіны красавіка
Рашэнне аб правядзенні хакейнага чэмпіянату свету-2020 у элітным дывізіёне, які павінны прыняць швейцарскія Цюрых і Лазана, можа быць адкладзена да сярэдзіны красавіка. Пра гэта заявіў кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазел. Раней віцэ-прэзідэнт ІІХФ Калерва Кумала абверг інфармацыю аб магчымым пераносе чэмпіянату свету 2020 года са Швейцарыі ў Расею. Кумала адзначыў, што ІІХФ застрахаваная на выпадак адмены бліжэйшага сусветнага першынства. Страхоўка з’явілася ў 2003 годзе пасля адмены жаночага чэмпіянату свету з-за эпідэміі атыповай пнеўманіі ў Кітаі.