Сталі вядомыя супернікі менскага „Юнацтва” па групавым раўндзе ХЛЧ



Менскае «Юнацтва» згуляе ў групе F, яе супернікамі стануць чэшскі «Оцэларжы», шведскі «Лександ» і швейцарскі «Фрыбура-Готэран».

Пры гэтым шведскі «Лександ» падняў пытанне аб адмове паездкі ў Беларусь з-за сітуацыі ў краіне.

«З-за бягучай сітуацыі ў Беларусі, Шведская хакейная ліга і шведскія ўдзельнікі Лігі чэмпіёнаў узнялі пытанне аб мэтазгоднасці правядзення матчаў у Беларусі. Наступная сустрэча з кіраўніцтвам Лігі павінна адбыцца ў пятніцу», – паведамляецца на афіцыйным сайце «Лександа».

Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Бялградзе

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйграла ў другім матчы на турніры катэгорыі WTA-250 у сербскім Бялградзе з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У паядынку 1/8 фіналу беларуска за дзве з паловай гадзіны адолела іспанскую тэнісістку Крысціну Бучу – 6:4, 5:7, 6:0.

На мужчынскім турніры катэгорыі ATP-250 у швейцарскай Жэневе з прызавым фондам 419 тысяч еўра беларус Ілля Івашка прайграў 20-й ракетцы планеты Рыгору Дзімітраву з Балгарыі – 4:6, 4:6.

БАТЭ выйграў у «Спутніка» у матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі

Барысаўскі БАТЭ святкаваў валявую перамогу над рэчыцкім «Спутнікам» у матчы 10-га тура чэмпіянату Беларусі.

Сустрэча на полі «Барысаў-Арэны» пачалася нечакана – на 7-й хвіліне Ігар Ясінскі вывеў аўтсайдара нацыянальнага першынства наперад. Прапусціўшы мяч, гаспадары ўзмацнілі націск і яшчэ да перапынку двойчы засмуцілі брамніка супернікаў. На 31-й хвіліне ўзбекскі паўабаронца БАТЭ Шахбоз Умараў з пенальці зраўняў лік, а праз 6 хвілін харвацкі абаронца Якаў Філіпавіч забіў пераможны гол – 2:1. Для барысаўчан гэтая гульня стала праверкай сіл перад нядзельным фінальным паядынкам Кубка Беларусі з «Іслаччу», якая ў Маладзечне саступіла «Віцебску» з лікам 0:1. Вырашальны паядынак кубкавага розыгрышу адбудзецца 23 траўня ў Гомелі.

Футбалісткі «Менска» перамаглі «Нёман» у жаночым чэмпіянаце Беларусі

Футбалісткі «Менска» завяршылі першы круг жаночага чэмпіянату Беларусі буйной перамогай.

У хатнім паядынку 9-га тура віцэ-чэмпіёнкі краіны разграмілі гарадзенскі «Нёман» з «сухім» лікам 6:0. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіла Мэла Сураўцава. Цяпер яна і яе аднаклубніца Анастасія Пабегайла ўзначальваюць бамбардзірскую гонку, забіўшы па 15 мячоў.

Пасля гэтай вікторыі менчанкі дагналі лідара турніру сталічнае «Дынама-БДУФК», якое свой матч 9-га тура правядзе ў гасцях у аўтсайдара берасцейскага «Дынама».

«Ювентус» абыграў «Аталанту» з Міранчуком і заваяваў Кубак Італіі

У фінале Кубка Італіі «Аталанта» прайграла «Ювентусу» з лікам 1:2.

На 31-й хвіліне лік адкрыў Дэян Кулушэўскі. Праз 10 хвілін «Аталанта» забіла мяч у адказ намаганнямі Яўгена Маліноўскага. Паўабаронца «Ювентуса» Федэрыка К’еза забіў другі гол турынскай каманды. На 73-й хвіліне Федэрыка праскочыў у штрафную і прабіў у блізкі кут.

«Ювентус» заваяваў трафей ў 14-ы раз. «ПСЖ» стаў уладальнікам Кубка Францыі, абыграўшы «Манака» 2:0. На 19-й хвіліне сустрэчы Маўра Ікардзі забіў з перадачы Мбапэ ў пустую браму. На 82-й хвіліне парыжане ўцяклі ўтрох на абарону «Манака»: паўабаронца «ПСЖ» Анхель Ды Марыя прайшоў да штрафной і выдаў тонкі пас на Мбапэ, які лёгка перайграў брамніка «Манака» ударам у далёкі кут.

Як і «Ювентус» «Пары Сен-Жэрмэн» стаў 14-разоым уладальнікам Кубка Францыі.

Беларускае Радыё Рацыя