„Сталіца” заваявала бронзу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе



Спартоўцы менскай „Сталіцы” сталі ўладальнікамі бронзавых медалёў чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.

У другім паядынку за трэцяе месца менчане абыгралі на выездзе гомельскі БЧ з лікам 6:3. У пераможцаў галявы покер аформіў Міхаіл Грыцына, яшчэ па мячу забілі Тарас Каралішын і Павел Рагавік, у складзе гамяльчан вызначыліся Дзяніс Колб, Дзяніс Гумянюк і Сяргей Сілівончык. У першай гульні ў менскім палацы спорту „Уручча” спартоўцы „Сталіцы” таксама былі мацнейшыя за гамяльчан, перамогшы з лікам 4:1. Пасля двух матчаў серыі за золата XXI чэмпіянату краіны паміж гомельскім ВРЗ і аршанскім „ВітЭнам” парытэт – 1:1.  Трэці паядынак залатой серыі да трох перамог адбудзецца 14 чэрвеня на паркеце аршанскага спарткомплексу „Алімпіец».

„Гарадзея” разграміла „Слуцк” у матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты „Гарадзеі” перамаглі „Слуцк” з лікам 3:0 у матчы чэмпіянату Беларусі. У першым тайме гаспадароў вывеў наперад Сяргей Архіпаў, неўзабаве пасля перапынку ён жа забіў другі гол, а затым Кірыл Паўлючак усталяваў канчатковы лік 3:0 на карысць „Гарадзеі”. У стартавым матчы 13-га тура футбалісты „Іслачы” адолелі „Мінск” з мінімальнай перавагай – 1:0. Лёс сустрэчы вырашыў ветэран „Іслачы” Дзмітрый Камароўскі, які рэалізаваў пенальці на 55-й хвіліне гульні.

Сёння пройдуць яшчэ тры сустрэчы: гарадзенскі „Нёман” прыме „Смалявічы”, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” — берасцейскае „Дынама”, а „Дынама”  сталічнае згуляе на хатняй арэне з мазырскай „Славіяй”.

Чарнагорскі форвард  пакіне „Мінск”

Чарнагорскі форвард Огнен Ролавіч пакіне „Мінск”.

Нападнік не прыжыўся ў камандзе, пра гэта паведаміў Андрэй Разін на прэс-канферэнцыі, адзначае „БФ”. У чэмпіянаце Беларусі-2020 балканец правёў 9 матчаў, забіў адзін гол і аддаў выніковую перадачу.

Адкрыты Кубак і першынства Беларусі па плаванні пройдуць у Берасці

Адкрыты Кубак і першынства Беларусі па плаванні пройдуць у Берасці з 13 па 18 ліпеня. Пра гэта паведаміў БЕЛТА выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па плаванні Андрэй Ліпніцкі.

„Гэта будзе адзін турнір, але з двума залікамі. Кубак – для дарослых спартоўцаў, першынства – для юніёраў. Гледачоў на трыбунах не будзе, на ўваходзе ў спарткомплекс усім удзельнікам чэмпіянату лекары памераюць тэмпературу, каб адфільтраваць атлетаў, якія адчуваюць недамаганне. Прымем усе неабходныя меры па прафiлактыцы захворванняў, – сказаў Андрэй Ліпніцкі.

Міжнародны саюз веласіпедыстаў адновіць сезон 1 жніўня

У Італіі 1 жніўня пройдзе гонка „Страдэ Б’янке”. Спаборніцтвы стануць першымі пасля доўгай паўзы, выкліканай пандэміяй каронавіруса, паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднага саюза веласіпедыстаў. Гонка пройдзе ў адзін дзень. Міжнародны саюз веласіпедыстаў зацвердзіў абноўлены каляндар. „Тур дэ Франс” адбудзецца з 29 жніўня па 20 верасня, „Джыра д’Італія” – 3-25 кастрычніка, „Вуэльта Іспаніі” – з 20 кастрычніка па 8 лістапада.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя