Старшыня БТФ Сяргей Цяцерын падаў у адстаўку



2 жніўня старшыня Беларускай Тэніснай Федэрацыі Сяргей Цяцерын падаў заяву аб адстаўцы. У верасні адбудзецца чарговая справаздачна-выбарчая канферэнцыя БТФ, на якой адбудуцца выбары новага старшыні федэрацыі.

Лепшым вынікам беларускіх тэнісістаў на Алімпіядзе ў Токіо стаў выхад у 1/8 фіналу Іллі Івашкі.

Беларус Віталь Парахонька не выйшаў у алімпійскі паўфінал у бегу на 110 м з бар’ерамі

Беларускі спартовец Віталь Парахонька не змог прабіцца ў паўфінал бегу на дыстанцыі 110 м з бар’ерамі. У сваім папярэднім забегу ён заняў пятае месца, пры тым што прамыя пропускі ў паўфінал атрымлівала першая чацвёрка. У беларуса яшчэ заставаліся шанцы прайсці па лепшым часе, але ў астатніх кваліфікацыйных забегах яго канкурэнты прабеглі хутчэй.

Алег Юрэня заняў 12-е выніковае месца ў байдарцы-адзіночцы на 1000 м

На Алімпійскіх гульнях у Токіо завяршыўся фінальны заезд на 1000 метраў для мужчынскай байдаркі-адзіночкі. Беларускі прадстаўнік Алег Юрэня ў яго з паўфіналу не прабіўся, а ў фінале „Б” наш вясляр заняў 4-е месца (12-ы агульны вынік).

Завяршыўся фінальны заезд на 500 метраў для жаночых байдарак-двоек. Беларускі экіпаж Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук, які лічыўся адным з фаварытаў Гульняў у гэтай дысцыпліне, фінішаваў у фінале толькі на шостай пазіцыі. Золата выйгралі новазеландкі, серабро ў польскіх спартовак, бронза ў венгерак.

Таццяна Халадовіч не прабілася ў фінал у кіданні дзіды

На Алімпійскіх гульнях завяршылася жаночая кваліфікацыя ў кіданні дзіды. Беларуска Таццяна Халадовіч не змагла вырашыць задачу па выхадзе ў фінал, заняўшы ў адборы 13-е месца з вынікам 60 метраў 78 сантыметраў. Гэты паказчык значна саступае лепшаму выніку Халадовіч у сезоне (63,85).

Футбалісты Бразіліі сталі першымі фіналістамі алімпійскага турніру

Першым фіналістам мужчынскага алімпійскага футбольнага турніру стала зборная Бразіліі. У матчы паўфінальнай стадыі з мексіканцамі дзейсныя алімпійскія чэмпіёны ў асноўны і дадатковы час гульні не змаглі дамагчыся поспеху – нічыя 0:0. У серыі пасляматчавых пенальці бразільцы адолелі супернікаў – 4:1. У фінале яны сустрэнуцца з пераможцам другога паўфіналу, у якім гаспадары Гульняў японскія футбалісты будуць супернічаць з іспанскай зборнай.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belnaviny.by