Стартаваў чэмпіянат Беларусі па хакеі



Стартаваў 30-ы чэмпіянат Беларусі па хакеі. У першым матчы турніру новага сезона салігорскі „Шахцёр” у хатніх сценах саступіў жлобінскаму „Металургу” з лікам 3:4. Хакеісты „Юнацтва” адолелі „Гомель” у авертайме з лікам 2:1 Незадоўга да канца дадатковага часу вырашальную шайбу закінуў гулец „Юнацтва” Усевалад Кашкар. У яшчэ адным матчы першага гульнявога дня „Дынама-Маладзечна” змагло выйграць у „Магілёва” з лікам 2:1.

Навабранец менскага «Дынама» Стрэмваль будзе атрымліваць 544 тысячы даляраў у год

Шведскі форвард Мальтэ Стрэмваль перайшоў з пецярбургскага СКА ў менскае «Дынама» у выніку абмену. Па звестках «Спорт экспрэса», па кантракце з піцерцамі за будучы сезон швед павінен быў зарабіць амаль 544 тысячы даляраў. Стрэмваль стаў дзясятым легіянерам у складзе «дынамаўцаў», без уліку расейцаў.

Зборная Беларусі па міні-футболе саступіла іранцам у другім кантрольным матчы ў Менску

Зборная Беларусі па міні-футболе другі раз прайграла іранцам у таварыскім матчы ў Менску. Беларусы саступілі гасцям 1:5. Адзіны мяч у складзе гаспадароў забіў Антон Мацвеенка. Пасля спарынгаў з іранцамі каманда Аляксандра Савінцава адправіцца ў Батумі, дзе 3 і 4 верасня правядзе два кантрольныя паядынкі са зборнай Грузіі.

Сербскія арбітры рассудзяць матч футбалістаў Чэхіі і Беларусі

УЕФА прызначыў арбітраў на чарговыя матчы адборавага турніру футбольнага чэмпіянату свету. Сустрэчу зборных Беларусі і Чэхіі, якая адбудзецца 2 верасня ў Астраве, рассудзяць арбітры з Сербіі. Галоўным суддзёй будзе Срджан Йаванавіч. На старце спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе Е беларускія футбалісты перамаглі ў Менску каманду Эстоніі 4:2, а потым былі разгромлены ў гасцях зборнай Бельгіі 0:8. Чэшская каманда спачатку разграміла ў гасцях эстонцаў 6:2, потым на сваім полі згуляла ўнічыю з бельгійцамі 1:1, а затым саступіла на выездзе футбалістам Уэльса 0:1.

Ілля Івашка перамог у першым крузе адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе

Беларус Ілья Івашка перамог у 1/64 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. У паядынку першага раўнда беларускі тэнісіст, які займае 53-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграў у трох сэтах амерыканца Тэніса Сандгрэна, у якога 91-я пазіцыя, – 7:6 (7: 3), 6:3, 6:4. Наступным супернікам Іллі Івашкі будзе прадстаўнік Канады Вашэк Паспішыл – 58-ы нумар сусветнага рэйтынгу.

Плывец Аляксей Талай усталяваў рэкорд Паралімпійскіх гульняў у Токіа

Плывец Аляксей Талай усталяваў рэкорд Паралімпійскіх гульняў у Токіа на дыстанцыі 50 м брасам у групе SB-1, але заняў у фінальным заплыве 7-е месца. Беларус палепшыў сусветнае дасягненне, якое трымалася з 1992 года. Спачатку ён дамогся высокага выніку ў папярэднім заплыве, паказаўшы 1 хвіліну 24,86 секунды. У фінале Аляксей Талай быў яшчэ хутчэй – 1 хвіліна 23,16 секунды. Аднак яго абышлі супернікі, якія выступаюць у класе SB-2, і разыграюць медалі ў гэтым відзе праграмы.

Беларускае Радыё Рацыя