Стартаваў чэмпіянат Беларусі па хакеі
Стартаваў чэмпіянат Беларусі па хакеі ў экстралізе. „Віцебск” выйграў у „Гомеля” — 3:1, а „Ліда” — у „Магілёва” — 4:1. „Металург” прайграваў „Нёману” тры шайбы, але ў трэцім перыядзе вырваў перамогу — 5:4. У Жлобіне на паядынку прысутнічалі 1150 заўзятараў.
Азаранка не выйшла ў 1/16 фіналу US Open
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка не змагла прабіцца ў 1/16 фіналу адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША. У другім раундзе экс-першая ракетка планеты за паўтары гадзіны саступіла ў дзвюх партыях кітайскай тэнісістцы Чжу Лін – 3:6, 3:6.
„Антверпен”, „Капенгаген” і ПСВ сталі ўдзельнікамі групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў
У розыгрышы футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначыліся апошнія ўдзельнікі групавой стадыі. Імі сталі бельгійскі „Антверпен”, дацкі „Капенгаген” і нідэрландскі ПСВ. Да гэтага кваліфікацыйны этап Лігі чэмпіёнаў паспяхова завяршылі турэцкі „Галатасарай”, партугальская „Брага” і швейцарскі „Янг Бойз”. Лёсаванне групавой стадыі пройдзе ўвечары у Манака. Клубы будуць падзелены на 8 квартэтаў, матчы ў якіх пройдуць з 19 верасня па 13 снежня. Фінальны паядынак Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 1 чэрвеня на лонданскім стадыёне „Уэмблі”.
Дулуб стаў галоўным трэнерам украінскага футбольнага клуба з Чаркасаў
Беларус Алег Дулуб стаў галоўным трэнерам украінскага футбольнага клуба з Чаркасаў — ЛНЗ. Афіцыйнае паведамленне ўжо з’явілася на яго сайце. Раней ва Украіне спецыяліст працаваў з „Карпатамі”, „Чарнаморцам” і „Львовам”. Дулубу 57 гадоў. Ён — вядомы беларускі трэнер. На радзіме працаваў з такімі камандамі, як „Крумкачы” і БАТЭ.
Алег Дулуб у 2020-м асудзіў гвалт сілавікоў у Беларусі і падпісаў ліст за сумленныя выбары. У апошнія гады ён жыве ва Украіне, асуджае расейскую агрэсію і дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Беларусы даведаліся сапернікаў у суперфінале Еўралігі па пляжным футболе
Зборная Беларусі па пляжным футболе даведалася супернікаў па групавым этапе суперфіналу Еўралігі, які пройдзе з 9 па 24 верасня ў італьянскім Альгера. На першым этапе каманда Нікаласа Альварада згуляе ў квартэце А разам з Італіяй, Грэцыяй і Малдовай. Пасля завяршэння першага этапа барацьбу за ўзнагароды працягнуць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы. У 2021 годзе беларусы ўпершыню ў гісторыі заваявалі срэбраныя медалі Еўралігі, у мінулым сезоне яны не гулялі, а пераможцамі сталі швейцарцы.
„Мяшкоў Брэст” згуляе з сербскай „Ваяводзінай” на турніры ў Турцыі
Чэмпіён Беларусі па гандболе „Мяшкоў Брэст” у пачатку верасня прыме ўдзел у прадстаўнічым міжнародным турніры Кубак дружбы ў турэцкім Адапазары. У першы дзень восені берасцейцы сустрэнуцца з сербскім клубам „Ваяводзіна” з Нові Сада. Пераможца гэтага паядынку 2 верасня згуляе ў матчы за галоўны прыз з пераможцам гульні паміж паўночнамакедонскім „Еўрафармам” і венгерскім „Веспрэмам”. Няўдачнікі паўфінальных гульняў паспрачаюцца за трэцяе месца.
Беларускае Радыё Рацыя
