Стартаваў Кубак Салея
У сераду трыма матчамі стартаваў 22-і розыгрыш Кубка Беларусі па хакеі, які з 2013 года мае афіцыйную назву Кубак Салея.

За трафей змагаюцца ўсе 12 каманд экстралігі, на папярэдняй стадыі падзеленыя на дзве групы. У першы гульнявы дзень адбыліся тры паядынкі ў групе „Б”. Аршанскі „Лакаматыў” на сваім лёдзе абыграў дзеючага чэмпіёна краіны „Металург” – 1:0, „Віцебск” у гасцях перайграў „Магілёў” з лікам 2:1, а „Гомель” у Наваполацку зламіў супраціў мясцовага „Хіміка” – 2:0. Сёння стартавыя матчы на турніры правядуць прадстаўнікі групы „А”. „Дынама-Маладзечна” прыме „Шахцёр”, „Брэст” сустрэнецца з „Юнацтвам”, а ў абласным дэрбі „Ліда” згуляе з „Нёманам”.
Менскае „Дынама” прайграла на старце турніру Sochi Hockey Open
У Сочы стартаваў перадсезонны хакейны турнір Sochi Hockey Open, у якім прымае ўдзел менскае „Дынама”. Акрамя „зуброў” на турніры выступаюць ХК „Сочы”, зборная Расіі U25, „Авангард”, „Адмірал” і СКА, менавіта супраць санкт-пецярбургскага клуба менчукі правялі стартавы матч і прайгралі 1:4 – адзіную шайбу за „Дынама” закінуў форвард Сцяпан Звягін. Наступны паядынак на Sochi Hockey Open падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць сёння супраць зборнай Расіі U25, якая раней абыграла омскі „Авангард” 4:3. Пачатак матча ў 12.00.
Кіеўскае „Дынама” абыграла „Штурм” у Лізе чэмпіёнаў
Кіеўскае „Дынама” святкавала перамогу 1:0 над аўстрыйскім „Штурмам” у першым матчы 3-га кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў. Адзіны мяч забіў Аляксандр Караваеў на 28-й хвіліне гульні. Сербская „Црвена Звезда” разграміла армянскі „Пюнік” 5:0. Футбалісты азербайджанскага „Карабаха” і венгерскага „Ферэнцвараша” не выявілі пераможцу – 1:1. Нарвежскі „Будзе-Глімт” разграміў на сваім полі літоўскі „Жальгірыс” з лікам 5:0. Ізраільскі „Макабі” не пакінуў шанцаў кіпрскаму „Апалону” 4:0. Сустрэча ў адказ адбудзецца 9 жніўня. Праз кваліфікацыю ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў трапяць 6 клубаў.
У размяшчэнне „Нёмана” прыбыў былы гулец зборнай Гамбіі
У размяшчэнне „Нёмана” прыбыў экс-гулец зборнай Гамбіі Па Амар Жобэ. Пра гэта паведамляе прэс – служба клуба. 23-гадовы нападнік нарадзіўся ў невялікім мястэчку Юндум на поўдзень ад сталіцы Банжул. На прафесійным узроўні пачаў выступаць з 2014 года. Першай камандай футбаліста стала гамбійская „Таліндзін Юнайтэд”. У прэм’ер-лізе Бангладэша ў 28 матчах забіў 23 мячы і перайшоў у паўночнамакедонскую „Шкендыю”, аднак там не згуляў ніводнага матча і быў аддадзены ў арэнду ў „Струга Трым-Лум” з горада Луга, якая выступае таксама ў наймацнейшым дывізіёне Паўночнай Македоніі. У мінулым сезоне згуляў за гэты клуб 12 матчаў, у якіх забіў 3 мячы. Цяпер гамбійскі нападнік праходзіць медыцынскае абследаванне.
Зеліньскі не хоча пакідаць „Напалі” гэтым летам
Польскі паўабаронца „Напалі” Пётр Зеліньскі не хоча пакідаць клуб гэтым летам, паведамляе Calciomercato. Па дадзеных крыніцы, польскага футбаліста хацеў займець „Вэст Хэм”, але здзелка не адбылася. Таксама на 28-гадовага гульца прэтэндуе „Лацыё”. Аднак ён хацеў бы застацца ў італьянскай камандзе, калі толькі яму не прапануюць значна большую зарплату. Раней паведамлялася, што Зеліньскі адмовіўся пераходзіць у „Вест Хэм”, бо не хоча гуляць за клуб, які размяшчаецца ў сярэдзіне турнірнай табліцы АПЛ. Зеліньскі выступае за „Напалі” са жніўня 2016 года. У мінулым сезоне футбаліст забіў 8 галоў і зрабіў 5 выніковых перадач у 42 матчах за каманду. Кантракт паляка з італьянскім клубам дзейнічае да канца чэрвеня 2024 года.
Дзмітрук выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Польшчы
Беларуская тэнісістка Крысціна Дзмітрук прабілася ў 1/8 фіналу турніру ITF у польскім горадзе Гродзіск-Мазавецкі з прызавым фондам 100 тысяч даляраў. У паядынку другога раунда адзіночнага разраду 18-гадовая беларуска, якая займае 426-е месца ў сусветным рэйтынгу, абыграла польскую тэнісістку Магдалену Фрэш, якая знаходзіцца на 82-й пазіцыі ў рэйтынгу WTA, – 7:6 (9:7), 6:3. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай беларускі будзе харватка Яна Фэт. На гэтым жа турніы беларуска Ганна Кубарава ў 1/16 фіналу саступіла прадстаўніцы Чэхіі Кацярыне Сінякавай – 4:6,1:6.
Беларускае Радыё Рацыя
