Стаў вядомы супернік менскага «Дынама» ў плэй-оф КХЛ
Менскае „Дынама” ў першым раўндзе плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі згуляе з піцерскім СКА.
Серыя пачнецца ў Санкт-Пецярбургу, дзе каманды сустрэнуцца другога і чацвёртага сакавіка. Пасля гэтага серыя пераедзе ў Менск. Там гульні пройдуць шостага і восьмага сакавіка. Калі спатрэбіцца правесці больш чатырох матчаў, то яны адбудуцца ў наступныя даты:
10 сакавіка. Санкт-Пецярбург.
12 сакавіка. Менск.
14 сакавіка. Санкт-Пецярбург.
Гэтыя каманды сустракаліся паміж сабой 30 разоў. 19 перамог у актыве СКА, 11 выйгрышаў на рахунку менскага «Дынама». У гэтым сезоне каманды сустракаліся двойчы. У Менску «Дынама» выйграла з лікам 4:3, а ў Пецярбургу былі мацней «армейцы» – 4:2. Падчас матчаў плэй-оф чэмпіянату КХЛ сталічная „Менск-Арэна” падчас гульняў „Дынама” будзе запаўняцца на 80%. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце беларускага клуба. Такім чынам, на гульнях серыі першага раўнда Кубка Гагарына паміж „Дынама” і СКА можа прысутнічаць да 12 тысяч гледачоў. Падчас рэгулярнага чэмпіянату заўзятарамі запаўнялася толькі каля 30% ад агульнай ёмістасці арэны.
Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Досе
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка паспяхова стартавала на турніры ў катарскай Досе з прызавым фондам 565 тысяч даляраў. У 1/16 фіналу беларуска перамагла расейскую тэнісістку Святлану Кузняцову – 6:2, 6:3. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 50 хвілін. У другім раўндзе Вікторыя Азаранка сустрэнецца з пераможцай матчу паміж нямецкай тэнісісткай Лаурай Зігемунд і прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай. Восьмая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка, пасеяная на гэтым турніры пад трэцім нумарам, пачне выступ з 1/8 фіналу, дзе яе суперніцай будзе іспанка Гарбін Мугуруса.
Восем медалёў выйгралі барацьбіты з Беларусі на турніры ў Кіеве
Восем медалёў рознай вартасці выйгралі прадстаўнікі Беларусі на міжнародным турніры па вольнай, грэка-рымскай і жаночай барацьбе, прысвечаным памяці выбітных украінскіх барацьбітоў і трэнераў, які завяршыўся ў кіеўскім Палацы спорту. Найбольш ураджайным старт атрымаўся для прадстаўніц жаночай барацьбы, на рахунку якіх пяць медалёў. Больш паспяхова выступіла двухразовая чэмпіёнка свету Ванэса Каладзінская ў вазе 53 кг, якая выйграла срэбраную ўзнагароду. Бабруйчанка без паразаў дайшла да фіналу, у вырашальнай стадыі спаборніцтваў, саступіўшы суперніцы з Індыі Вінэш Фогат. Бронзавымі медалямі скарбонку беларускай дружыны папоўнілі Алеся Гетманава, Ірына Курачкіна, Марыя Мамашук і Анастасія Зіменкова. У спаборніцтвах мужчын-вольнікаў бронзу выйгралі Ягор Акуліч і Амаргаджы Магамедаў. У турніры па грэка-рымскай барацьбе адзіным медалістам з беларусаў стаў Станіслаў Шафарэнка, які таксама заваяваў бронзу.
«Рэал» у канцоўцы выратаваўся ад паразы ў матчы з «Рэалам Сасьедад»
У матчы 25-га тура іспанскай Прымеры мадрыдскі «Рэал» згуляў унічыю з «Рэалам Сасьедад» 1:1. На 55-й хвіліне нападнік «Рэала Сасьедад» Порту адкрыў лік. На 89-й хвіліне Вінісіуўс Жуніёр зраўняў лік. «Рэал» у 25 матчах набраў 53 ачкі і займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы. «Рэал Сасьедад» мае 42 ачкі і знаходзіцца на пятым месцы.
Беларускае Радыё Рацыя