Стаў вядомы тэкст ліста дынамаўцаў да Лукашэнкі
Сайт газеты „Прессбол” абнародаваў ліст, які хакеісты менскага „Дынама” напісалі на імя Аляксандра Лукашэнкі ў абарону Уладзіміра Беражкова. Свае подпісы пад лістом пакінулі ўсе хакеісты клуба.
У лісце гаворыцца:
„Мы ведаем вас не толькі як кіраўніка дзяржавы, але і як чалавека, які прафесійна разбіраецца ў спорце. Менавіта гэтым абгрунтавана наша жаданне звярнуцца да вас па ніжэйпададзеным пытанні.
У жніўні следчымі органамі быў затрыманы генеральны менеджар нашага клуба Уладзімір Беражкоў. Нам не хочацца, дый мы не маем права даваць ацэнку дзеянням праваахоўных органаў — мы ўпэўненыя, суд вынесе справядлівы вердыкт па гэтай справе. Мы ўсяго толькі просім вас, як чалавека, які добра ведае свет вялікага хакея, уважліва паставіцца да лёсу чалавека, які прыйшоў у мінулым сезоне ў менскае „Дынама”.
Уладзімір Беражкоў — вядомы ў краіне журналіст і рэдактар самага папулярнага спартыўнага выдання краіны газеты „Прессбол” — яшчэ да прыходу ў клуб меў вопыт арганізацыі хакейнай гаспадаркі, працуючы ў федэрацыі хакея ў той перыяд, калі яна ўставала на ногі.
У нашу каманду прыйшоў моцны прафесіянал, поўны рашучасці рэалізаваць усе свае планы і славалюбівыя амбіцыі. Аддаючы належнае Уладзіміру Пятровічу, яму многае ўдалося зрабіць — пачынаючы ад „Дарожнай карты” — мер па развіцці беларускага хакея і заканчваючы непасрэдна вынікам: у мінулым сезоне „Дынама” істотна палепшыла свае спартыўныя паказчыкі і выйшла ў плэй-оф КХЛ.
Можна па-рознаму ставіцца да Беражкова, але варта прызнаць, што ён аддаваўся працы без астатку і патрабаваў такога ж стаўлення ад іншых. Яшчэ раз паўторымся: нам не хочацца быць яго адвакатамі, але мы просім праявіць да Уладзіміра Пятровіча той кавалачак звычайнай чалавечай міласэрнасці, які можна дазволіць на сённяшні дзень — адпусціць яго на волю да рашэння суда. Ён не ўяўляе грамадскай небяспекі і не зробіць спробаў уцячы ад правасуддзя.
Акрамя таго, той факт, упэўненыя, спрыяльна адаб’ецца на іміджы менскага „Дынама”, істотна пахіснутага ў сувязі з апошнімі падзеямі ў клубе і выкліча станоўчы рэзананс у айчынных і расійскіх СМІ, якія працягваюць сачыць за лёсам Уладзіміра Беражкова.
З павагай калектыў хакейнага клуба „Дынама” Менск”.