Стылёвая фотасэсія і пячатка 1591 г. на форме Тарпеда Менск



Як і ў мінулым сезоне ПФК Тарпеда Менск у 2018-ым годзе працягнуў супрацоўніцтва з італійскай кампаніяй Macron, якая пашыла для нашай каманды эксклюзіўныя камплекты формы. Тарпеда, як вядома, самастойна займаецца распрацоўкай дызайну, візуальнага стылю і гэты раз не стаў выключэннем.

Гасцявая форма аўтазаводцаў – белая, выканана ў мінімалістычным стылі. Галоўным яе элементам з’яўляецца выява пячаткі Менску 1591 г. Гэта першая графічная выява гербу сталіцы пасля атрымання горадам Магдэбургскага права.

Гістарычную пячатку горада можна сустрэць і на вуліцах сталіцы, напрыклад на плошчы Свабоды каля гарадской ратушы.

Яе выява зараз будзе ўпрыгожваць і форму Тарпеда, падкрэсліваючы шанаванне клубам традыцый і гісторыі роднага Менску.

Камплекты галкіпераў маюць барвовы і блакітны колер. Белая форма дапоўнена дробнымі чорнымі дэталямі – рукавы, каўнер, пад якім на спіне вышыты традыцыйны надпіс “Гонар працоўнай сталіцы”. Як і ў хатняй чорна-белай форме, на гасцявым камплекце ўсё выканана па-беларуску.

Такім чынам і ў сезоне 2018 Тарпеда Менск выступае ў эксклюзіўнай форме, цалкам распрацаванай клубам для каманды. Нагадаем, што ў мінулым годзе быў створаны юбілейны гістарычны варыянт да 70-годдзя Чорна-Белых.

tarpeda.org