Усе затрыманыя ўкраінскія футбольныя заўзятары вызваленыя (абноўлена)
Усе затрыманыя ў Беларусі 9 кастрычніка ўкраінскія футбольныя заўзятары вызваленыя і ўжо вярнуліся ва Украіну, паведаміў прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс.
«У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы МЗС Украіны распачаў меры, у выніку якіх вызваленыя ўсе заўзятары, у тым ліку тыя восем, якія былі арыштаваныя на розныя тэрміны», – цытуе Перабейніс агенцтва Інтэрфакс-Украіна.
Нагадаем, група беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў была затрыманая ў Барысаве пасля матчу нацыянальных футбольных зборных Беларусі і Украіны. На наступны дзень над імі прайшлі суды. Прысуды былі прызначаны 24 заўзятарам – 12 беларусам і 12 украінцам. Восем украінцаў былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі ад 5 да 10 сутак, яшчэ чацвёра атрымалі штрафы ад 1 да 1,5 млн. рублёў. Беларускія заўзятары аштрафаваныя на 600 тысяч рублёў кожны.
* * *
Скончыліся суды над украінскімі заўзятарамі, восем чалавек атрымалі “суткі”. Яшчэ чацвёра заплацяць штрафы. Агулам асуджана 24 чалавекі – па 12 украінцаў беларусаў.
Беларусаў таксама прызналі вінаватымі, але ім прысудзілі штрафы – па 600 тысяч кожнаму. Затрыманні заўзятараў адбыліся пасля матча паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі ды Украіны.
Агулам міліцыя, паводле апошніх звестак, затрымала каля 30-ці чалавек.
* * *
У Барысаве працягваюцца суды над украінскімі і беларускімі заўзятарамі, якіх затрымалі пасля матчу адборачнага турніру паміж зборнымі Беларусі ды Украіны на „Барысаў-Арэне”.
Адметным гэты матч стаў не столькі самой гульнёй, колькі палітычнымі настроямі заўзятараў. Над стадыёнам выразна і масава прагучалі воклічы „Жыве Беларусь!” і „Слава Украіне!”, а таксама – як рэакцыя на расейскую агрэсію супраць Украіны – вядомы хіт пра Пуціна. Пры гэтым прыхільнікі каманд-суперніц выступілі ў адной звязцы.
Беларускія ўлады пакуль не ведаюць, як змагацца з вальнадумствам на стадыёнах, кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
– Учора адбылася надзвычайная падзея, некалькі гадоў беларускія ўлады намаганнямі сілавікоў выціснулі актыўнасць з беларускіх вуліц, і гэта ўжо не назіраецца. Мне падаецца, што ўчора гэтае вальнадумства, гэта свабода прыйшла на стадыён, і яна там сябе адчувае камфортна. Новая з’ява, я думаю, што гэта абсалютная нечаканасць для беларускіх уладаў. Мяркую, што сёння ідуць нарады і там разглядаецца гэтае пытанне, дзе будзе зроблена спроба выпрацаваць нейкі механізм, як з гэтым змагацца.
Беларускія ўлады адрэагавалі на вальнадумства як звычайна – арыштамі. Паводле СМІ, было затрымана каля 100 беларускіх ды ўкраінскіх заўзятараў. Барысаўская міліцыя паведаміла пра 41 затрыманага. Сёння над імі праходзяць суды. Затрыманых вінавацяць у дробным хуліганстве, у прыватнасці, у лаянцы, і прыгаворваюць да арышту на 5 сутак, а таксама да штрафаў.
* * *
Як паведаміла ў сваім Facebook сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Таццяна Рэвяка, пасля заявы Парашэнкі затрыманых (яшчэ не асуджаных украінцаў, кажуць пра трох) выпускаюць без суда.
Доручив МЗС терміново забезпечити консульський захист для негайного звільнення і повернення додому всіх затриманих в Білорусі українців.
— Петро Порошенко (@poroshenko) 10 октября 2014
Усяго пакарана 24 чалавекі: 12 украінцаў і 12 беларусаў.
Арыштваныя ўкраінцы:
Яна Васількоўская – 5 сутак Андрэй Паляшчук – 5 сутак Дзяніс Цімафееў – 5 сутак Астап Лішчук – 5 сутак Юры Чабалюк – 5 сутак Вячаслаў … – 5 сутак Аляксандр Лапанаў – 10 сутак Юры Альховіч – 5 сутак
Двое ўкраінцаў пакараны штрафам 1,5 мільёны рублёў, яшчэ двое – 1 мільён.
12 беларусаў пакараны грашовымі штрафамі ў памеры 600 тысяч рублёў.
[youtube id=”eaV553cQDuE”]
* * *
Адзін з затрыманых украінскіх заўзятараў пакараны 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Хлопца звінавацілі ў тым, што на яго вопратцы быў налеплены стыкер з выявай кельцкага крыжа. Украінскі консул заявіў, што амбасада будзе падаваць ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды масавага арышту грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Беларусі.
У судзе Барысава цяпер знаходзяцца 13 затрыманых украінскіх заўзятараў. Ужо адбыўся разгляд спраў 6 чалавек, усіх пакаралі 5 суткамі адміністрацыйнага арышту. Фармальна ўкраінцаў судзяць за нецэнзурную лаянку.
11 затрыманых беларусаў будуць судзіць пасля абеду.
* * *
Масавыя затрыманні фанатаў пасля матча «Беларусь—Украіна» звязваюць з выкананнем імі на трыбунах нецэнзурнай песні пра Уладзіміра Пуціна.
Больш за 100 украінскіх заўзятараў затрымалі пасля матча адборачнага турніру да Еўра-2016 «Беларусь — Украіна» ў Барысаве. Пра гэта паведамляе сайт Football.ua.
Да вырашэння пытання падключана амбасада Украіны ў Беларусі. Сёння ўкраінскіх фанатаў чакае суд за нецэнзурную лаянку.
Разам з тым, як паведаміў сайт газеты «Наша Ніва», паводле сведчанняў беларускіх заўзятараў, затрымана і больш за 30 беларусаў. Так, Арцёма Бабоўнікава забралі і даставілі ў Барысаўскі РАУС за паленне фаера. Затрымалі таксама Улада Лобаха з Мазыра, які быў у бел-чырвона-белым шаліку. Ён і паведаміў, што з ім у аўтазаку 30 чалавек.
* * *
Адборавы матч чэмпіянату Еўропы паміж дружынамі Беларусі і Украіны на “Барысаў-Арэне” завяршыўся паразай гаспадароў 0:1. “Няшчасны выпадак” здарыўся на 82-й хвіліне з абаронцам Беларусі Аляксандрам Мартыновічам, які пасля навесу каленам адправіў мяч у сетку сваёй брамы. А ў самай канцоўцы ўкраінцы злавілі беларусаў на контратацы – 0:2.
Цягам паядынку ледзь не большую цікавасць, чым сам матч, выклікаў антураж. Фанацкія сектары абедзвюх зборных кансалідаваліся і скандавалі папулярны астатнім часам лозунг “Пуцін – х…ло!”, а таксама спявалі патрыятычныя песні па-беларуску і ўкраінску.
https://www.youtube.com/watch?v=vBwvf372i9c#t=30
У гэтай жа групе Славаччына прымала Іспанію і доўга была наперадзе – 1:0, потым пірэнейцы параўнялі становішча, але на 86-й хвіліне славяне забілі пераможны гол і сенсацыйна перамаглі – 2:1. Македонія на сваім полі ледзь здолела перамагчы Люксембург – 3:2.
Беларускае Радыё Рацыя