Суддзі папсавалі баскетбольны матч Беларусь-Іспанія



Беларускія баскетбалісты няўдачай завяршылі першы раўнд адборавага турніру чэмпіянату свету-2019. На паркеце менскага Палаца спорту беларусы сустракаліся з адной з лепшых каманд планеты Іспаніяй і саступілі знакамітым гасцям з розніцай усяго ў два ачкі – 82:84. У канцоўцы гаспадары пляцоўкі мелі шанец адыграцца, аднак суддзі абсурдна, калі тактычна сфаліў Аляксандр Кудраўцаў, далі нічым неабгрунтаваны тэхнічны фол у дадатак і аддалі на апошнія секунды мяч іспанцам.

 У складзе беларускай каманды дэбютаваў натуралізаваны амерыканскі абаронца Дэван Садлер, аднак не ён апынуўся лідарам, а ветэран беларускай дружыны Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 18 ачкоў. Гэтая параза стала для каманды Аляксандра Круцікава трэцяй у цяперашнім адборавым цыкле. Да гэтага яны прайгралі баскетбалістам Славеніі – 74:87 (у гасцях) і Чарнагорыі – 67:91 (на хатняй арэне). У стартавым туры другой часткі кваліфікацыйнага турніру 26 лютага беларускія баскетбалісты прымуць у менскім Палацы спорту цяперашніх чэмпіёнаў Еўропы славенцаў.

Беларускае Радыё Рацыя