Свёнтэк выйграла другі матч на выніковым турніры
Полька Іга Свёнтэк святкавала другую перамогу на выніковым турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) у мексіканскім Канкуне.
У другім туры спаборніцтваў у групе Чэтумаль другая ракетка планеты абыграла ў двух сэтах амерыканку Коры Гаўф – 6:0, 7:5. У іншым матчы туніская тэнісістка Унс Джабір перамагла чэшку Маркету Вандраўшаву – 6:4,6:3. У групе Бакалар амерыканка Джэсіка Пегула святкавала дзве вікторыі і датэрмінова забяспечыла сабе пуцёўку ў паўфінал. За другі пропуск паспрачаюцца лідэр сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка і прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна.
Менскае „Дынама” прыме футбалістаў БАТЭ ў чэмпіянаце Беларусі
Лідары чэмпіянату Беларусі футбалісты менскага „Дынама” сёння згуляюць з барысаўскім БАТЭ ў перанесеным паядынку 19-га тура.
Сустрэча двух прынцыповых супернікаў на полі галоўнай спартовай арэны краіны пачнецца ў 18.45. Гульня першага круга ў Барысаве завяршылася ўпэўненай перамогай менчукоў з лікам 3:1. У сваім папярэднім паядынку „Дынама” адолела на сваёй арэне „Мінск” – 1:0, а барысаўчане таксама на хатняй арэне ва ўпартай барацьбе перамаглі футбалістаў „Смаргоні” 4:3. Менскае „Дынама” зараз узначальвае турнірную табліцу, набраўшы 57 ачкоў у 23 праведзеных матчах, на другой пазіцыі гарадзенскі „Нёман”, у якога 53 балы пасля 24 сустрэч, у БАТЭ 38 ачкоў.
Суарэс пяройдзе ў «Інтэр» Маямі ў пачатку 2024 года
Нападнік «Грэміа» Луіс Суарэс, які ў студзені стане вольным агентам, павінен далучыцца да «Інтэра» Маямі, дзе ўз’яднаецца з былым партнёрам па «Барселоне» Ліянэлем Месі. Пра гэта паведамляе El Pais. Футбаліст вырашыў не працягваць кантракт з бразільскім клубам і ўжо абмяняўся электроннымі лістамі з кіраўніцтвам каманды з ЗША. Чакаецца, што пераход Суарэса ў «Інтэр» Маямі адбудзецца ў пачатку года. Луісу будзе прапанаваны кантракт па схеме «1+1». Уругваец выступае за «Грэміа» са студзеня. На яго рахунку 19 галоў і 15 асістаў у 45 матчах за клуб.
Менскія дынамаўцы пачынаюць выязную серыю матчам супраць „Лакаматыва”
Хакеісты менскага „Дынама” сёння пачнуць кароткую выязную серыю з двух матчаў у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі.
Першым прыпынкам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага стаў Яраслаўль, дзе менчукоў прыме мясцовы „Лакаматыў”. Папярэдняе гасцявое турнэ дынамаўцы правялі найлепшым чынам з дзвюма перамогамі ў двух матчах, аднак, вярнуўшыся ў сталіцу, „зубры” пацярпелі крыўдную паразу ад прамога канкурэнта за месца ў плэй-оф чарапавецкай „Северсталі” 1:2.
2 лістапада Руслану Салею магло б споўніцца 49 гадоў
Легендарны беларускі хакеіст загінуў у авіякатастрофе разам з камандай «Лакаматыў». Руслан Салей – славуты беларускі хакеіст. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2002). Выхаванец менскай хакейнай школы „Юнацтва”. Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана (1998), Солт-Лэйк-Сіці (2002) і Ванкуверы (2010). Удзельнік чэмпіянатаў свету.
За нацыянальную зборную Беларусі правёў 66 матчаў, набраў 31 (11+20) бамбардзірскі бал, атрымаў 109 хвілін штрафу. У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 917 гульняў, у якіх набраў 204 (45+159) ачкі. У розыгрышы Кубка Стэнлі 62 гульні, набраў 16 (7+9) ачкоў. Фіналіст Кубка Стэнлі (2003). Лепшы хакеіст Беларусі 2003 і 2004 гадоў. Загінуў разам з камандай «Лакаматыў» 7 верасня 2011 года. Пахаваны ў Менску на ганаровай алеі Маскоўскіх могілак.
Беларускае Радыё Рацыя