Сяргей Алейнікаў раскрытыкаваў дыктатуру Лукашэнкі



Вялікі беларускі футбаліст Сяргей Алейнікаў выказаўся адносна падзей у Беларусі:

– Мяне абурае тое, што ваенныя людзі, якія давалі прысягу, абяцалі бараніць свой народ, робяць усё менавіта супраць гэтага народа. Да таго часу, пакуль вайскоўцы не павернуцца да народа, будзе цяжка зрушыць гэтую машыну, гэтую сістэму. Вырашальнае слова павінны сказаць менавіта вайскоўцы. Хто гэта будзе, я не ведаю, але кажу менавіта пра вайскоўцаў.

Улада ўвесь час кажа, што ў Беларусі можна свабодна выказваць сваё меркаванне, рабіць выбар. Але як толькі нехта выказвае сваю пазіцыю, яго звальняюць з працы. Як толькі ты выказаўся супраць чагосьці існуючага, цябе арыштоўваюць. Ну што гэта за свабода? Як жыць у такой краіне?

Я ўспамінаю відэазапіс, на якім бачна, як загінуў беларус у Менску. У яго ж нічога не было ў руках, гэта відаць няўзброеным вокам. А потым прыдумляюць, што ён кідаўся на сілавікоў, хацеў гранату ў іх кінуць, але яна выбухнула ў руцэ. Гэта класічная адмазка ўлады. Людзі ведаюць, якая будзе адказнасць за ўчыненае злачынства, таму шукаюць усе спосабы, каб апраўдаць сябе, сысці ад пакарання. Зразумейце, Лукашэнка наогул не павінен прысутнічаць ужо нідзе і ні ў чым. Народ яму выразна сказаў «не».

Калі ён застанецца пры ўладзе, усё гэта зацягнецца на доўгія-доўгія гады. Любы дыктатар у канцы свайго кіравання адчувае, што калі пакіне ўладу, то з ім адбудзецца або суд у Гаазе, ці народ раз’юшыцца да таго, што проста разарве на часткі. Таму па-добраму ўладу ніхто з дыктатараў не аддаваў і наўрад ці аддасць.

У выпадку Лукашэнкі, як бы банальна гэта ні гучала, захаванне ўлады – гэта захаванне свайго жыцця, – сказаў Сяргей Алейнікаў у інтэрвʼю сайту «Трыбуна».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by