Сяргей Касціцын падпісаў кантракт з „Браціслава Кэпіталз”



Беларускі нападаючы Сяргей Касціцын (1987) падпісаў кантракт з клубам „Браціслава Кэпіталз”. Каманда выступае ў міжнароднай лізе ICEHL.

Сяргей ужо знаходзіцца ў Браціславе і далучыцца да каманды пасля завяршэння абавязковага каранціну, паведамляе прэс-служба славацкага клуба. Касціцын-малодшы можа дэбютаваць у складзе новага клуба 29 студзеня ў матчы супраць „Філаху”. „Браціслава” займае 10-е месца з 11 каманд у лізе.

Літва прапанавала Латвіі правесці частку матчаў чэмпіянату свету-2021

Літва прапанавала Латвіі сумесна правесці чэмпіянат свету-2021. Урад Літвы абмяркоўваў гэтае пытанне яшчэ 18 студзеня. Шэраг літоўскіх прадпрымальнікаў ужо разаслалі членам урада ліст з просьбай разгледзець магчымасць арганізацыі часткі матчаў чэмпіянату ў Літве. Яны лічаць, што гэта магчымасць не толькі пазнаёміць свет з Літвой, але і пакрыць страты, якія ўзніклі падчас каранціну. Кіраўнік віленскай хакейнай арэны Андрус Жаўберыс паведаміў, што Літва тэхнічна можа арганізаваць нават увесь турнір, так як у краіне ўжо праводзіліся этапы хакейных чэмпіянатаў. Тым часам прэзідэнт Латвійскай федэрацыі хакея Айгар Калвіціс паведаміў, што ўпершыню чуе пра магчымы ўдзел Літвы ў арганізацыі чэмпіянату свету.

Вызначаны пары 1/4 фіналу клубнага чэмпіянату свету па футболе

Прайшло лёсаванне пар чвэрцьфінальнай стадыі клубнага чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў Катары. У першым чвэрцьфінале 4 лютага мексіканскі клуб „Ціграс” сустрэнецца з прадстаўніком Рэспублікі Карэя „Ульсане”. Пераможца гэтага паядынку ў матчы за выхад у фінал згуляе з уладальнікам Кубка Лібертадорэс, за які 30 студзеня ў вырашальным паядынку паспрачаюцца бразільскія клубы „Сантас” і „Палмейрас”. У другой чвэрцьфінальнай сустрэчы катарскі „Аль-Духаіль” будзе супернічаць з егіпецкім „Аль-Ахлі”. Пераможца гэтай гульні ў паўфінале будзе супернічаць з пераможцам еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў нямецкай „Баварыяй”.

Аляксей Бага падпіша кантракт з „Актобэ” у Турцыі

20 студзеня казахстанскі „Актобэ” адпраўляецца на зборы ў Турцыю. Зборы працягнуцца да пачатку сакавіка. У Турцыю прыбудзе і галоўны трэнер каманды Аляксей Бага. Падпісанне кантракту з беларускім спецыялістам запланавана там жа. Разам з Багам прыбудзе і яго асістэнт Валерый Тарасенка.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sportnaviny.com