Сяргей Рутэнка ўзначаліў БТФ



Новым старшынём Беларускай тэніснай федэрацыі (БТФ) стаў вядомы ў мінулым беларускі гандбаліст Сяргей Рутэнка. За яго прагаласавалі ўдзельнікі канферэнцыі БТФ, якая прайшла ў Менску. Сяргей Рутэнка змяніў на пасадзе кіраўніка БТФ Сяргея Цяцерына, які ўзначальваў яе з траўня 2017 года. Старшыня федэрацыі абіраецца на чатыры гады.

Батутысты Іван Літвіновіч і Таццяна Пятрэня выступяць на ЧС у Баку

У Баку з 18 па 21 лістапада адбудзецца 35-ы чэмпіянат свету па скачках на батуце і акрабатычнай дарожцы. У складзе каманды Беларусі – алімпійскі чэмпіён Токіа Іван Літвіновіч, Алег Рабцаў, а таксама вопытная Таццяна Пятрэня – удзельніца чатырох Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і чэмпіёнка Еўропы, якая пасля нараджэння сына вырашыла аднавіць спартовую кар’еру.

Мугуруса і Кантавэйт прабіліся ў фінал выніковага турніру WTA

У мексіканскай Гвадалахары вызначыліся фіналісткі выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У іспанскім паўфінале Гарбінье Мугуруса (5-ы нумар сусветнага рэйтынгу) упэўнена перайграла ў дзвюх партыях Паўлу Бадосу (10) – 6:3, 6:3. Саперніцай Мугурусы ў вырашальным паядынку будзе эстонская тэнісістка Анет Кантавэйт (8), якая ў другім паўфінальным матчы абгуляла грачанку Марыю Сакары (6) – 6:1, 3:6, 6:3.

Душан Влахавіч, верагодна, пяройдзе ў „Ювентус” пасля завяршэння сезона

Нападнік „Фіярэнціны” Душан Влахавіч, верагодна, пяройдзе ў „Ювентус” пасля завяршэння сезона. Улетку 21-гадовы форвард стане вольным агентам, заканчваецца тэрмін яго дамовы з „фіялкамі”. Інсайдэр паведамляе, што ў серба ёсць папярэдняя дамоўленасць з „б’янканэры” аб 5-гадовым кантракце з зарплатай 6 млн еўра ў год. Раней паведамлялася, што „Юве” не зможа купіць Влахавіча зімой, бо „Фіярэнціна” патрабуе за яго 80 мільёнаў еўра.

„Цмокi-Менск” згуляюць з „Бакен Бэарз” у вырашальным матчы групавога этапа Кубка ФІБА-Еўропа

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” правядуць сёння заключны паядынак групавога этапа розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. У Менску чэмпіёны Беларусі прымуць дацкі „Бакен Бэарз” (пачатак гульні ў 20.30). У першым крузе „Цмокі” прайгралі „мядзведзям” у Орхусе з лікам 93:101 і, каб абысці датчан у турнірнай табліцы, трэба выйграць у іх з розніцай не менш як 9 ачкоў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя