Сяргей Рутэнка заяўлены за СКА



11 красавіка менскі СКА афіцыйна абвясціў аб заключэнні кантракту з Сяргеем Рутэнкам. Капітан гандбольнай зборнай Беларусі не меў клубнай прапіскі з лістапада, калі спыніў кантракт з катарскай „Лехвіяй„, а з канца студзеня аднаўляўся пасля траўмы, атрыманай на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы.

Цяпер ён гатовы гуляць і мае намер да канца сезона выступаць у форме армейскага клуба, за які ўжо заяўлены пад 81-м нумарам для ўдзелу ў матчах чэмпіянату Беларусі і „фіналу чатырох” Кубка краіны. Праўда, рэгламентныя перашкоды не дазволяць выкарыстаць Рутэнку ў „фінале чатырох” Балтыйскай лігі, які армейцы правядуць у наступны ўік-энд ў эстонскай Пыльве.

Затое беларускія заўзятары змогуць убачыць дэбют лідара зборнай ва Уруччы ужо ў сераду – у паядынку нацыянальнага чэмпіянату паміж СКА і БГК ім. Мяшкова. Пачатак матчу ў 19.00.