Сёння на мундыялі: Уругвай-Францыя, Бразілія-Бельгія



Сёння на чэмпіянаце свету па футболе пройдуць першыя чвэрцьфіналы. Вашай увазе апошнія навіны з мундыялю і анонс гульняў.

Нямецкі арбітр Фелікс Брых больш не будзе працаваць на гэтым турніры. Прычына – грубая памылка, дапушчаная ў матчы групавога этапу Сербія – Швайцарыя. Пры ліку 1:1 рэферы не заўважыў відавочны пенальці пасля падзення серба Аляксандра Мітравіча. Суддзя не стаў карыстацца нават відэапаўторам. Балканцы прайгралі тую сустрэчу 1:2 і не выйшлі ў 1/8-ю. У выніку скарга ад сербскай федэрацыі ў ФІФА і пасля разгляду адпаведнае адхіленне Фелікса Брыха.

Энтузіясты статыстыкі ўзяліся за цяжкую працу – падлік часу, праведзенага форвардам зборнай Бразіліі Нэймарам на траве за чатыры матчы гэтага мундыялю. Выявілася, што лідар пентакампеонаў ужо наляжаў 14 хвілін гульнёвага часу. Атрымліваецца, што ў сярэднім Нэймар, якога крытыкуюць многія за сімулянства, праводзіць лежачы 3 з паловай хвіліны ў кожным матчы.

Прыгадаем перад чвэрцьфіналамі якая сітуацыя ў спрэчцы лепшых бамбардзіраў. Наперадзе з адрывам брытанец Хары Кейн, у якога 6 галоў. Па 4 мячы забілі Крышціяну Раналду і Рамелу Лукаку, партугалец ужо не пры справах, а вось прадстаўнік Бельгіі яшчэ мае шанцы вызначыцца. Ажно 6 футбалістаў маюць на сваім рахунку па 3 галы: расейцы Дзмітрый Чэрышаў і Арцём Дзюба, француз Кіліян Мбапэ, уругваец Эдзінсан Кавані, іспанец Дыега Коста і калумбіец Еры Міна. Апошнія двое ўжо завяршылі выступы разам з сваімі зборнымі.

Першымі з удзельнікаў чвэрцьфіналаў выйдуць сёння на поле Ніжняга Ноўгараду а 17-й гадзіне беларускага часу зборныя Уругвая і Францыі. Што цікава, баланс ранейшых спатканняў выразна на карысць паўднёваамерыканскай краіны – уругвайцы выйгралі ў “трохкаляровых” тры матчы, прайгралі 1, яшчэ 4 сустрэчы завяршаліся мірам. Тры са згаданых паядынкаў былі на чэмпіянатах свету: у 1966 годзе на групавой стадыі “ла селестэ” перамаглі 2:1, у 2002-ім і ў 2010 гадах таксама ў першым раўндзе двойчы фіксавалася нічыя 0:0.

Каманда Оскара Табараса славіцца на гэтым турніры надзвычай надзейнай абаронай – толькі адзін прапушчаны мяч у чатырох гульнях. Французскі легіён выдатна падрыхтаваны фізічна, у гэтым яму напэўна няма роўных на чэмпіянаце.

Атака абодвух спаборнікаў таксама вельмі грозная. Але ў стартавым шэрагу Ўругвая напэўна не будзе аднаго з лідараў – траўмаванага Эдзінсана Кавані, яго ўдзел увогуле пад пытаннем. Дадатковая пікантнасць матчу – форвард французаў Антуан Грызман будзе змагацца з сваімі аднаклубнікамі па мадрыдскім “Атлетыка” – Дыегам Гадзінам і Хасэ Хіменэсам. Больш таго, Гадзін – хросны бацька дачкі Грызмана.

Непрадказальны чвэрцьфінал чакаецца ўвечары а 21 гадзіне ў Казані. Там будуць змагацца два Б – Бразілія і Бельгія. Агульныя рахункі выразна на карысць “селесао” – бразільцы перамагалі 5 разоў, а саступалі суперніку толькі аднойчы. Адзіны афіцыйны матч на мундыялях гэтыя зборныя правялі ў 2002 годзе – тады ў 1/8-й фіналу Раналда-зубасцік і кампанія выйгралі 2:0.

Зараз суадносіны сілаў прыблізна роўныя. Бельгійцы перамаглі ва ўсіх сваіх матчах, бразільцы аднойчы сыгралі ўнічыю, што характэрна, з падобнай на Бельгію дружынай Швайцарыі. У калектыве аўтарытэтнага трэнера Цітэ страта ад лішніх жоўтых картак – матч прапусціць ключавы паўабаронец Каземіра. Гэтым напэўна пастараецца скарыстацца стратэг этнічна стракатай дружыны Бельгіі Рабэрта Марцінэс. У еўрапейскай каманды больш разнастайная і грозная атака, пентакампеонам застаецца маліцца на таленавітага, але непрадказальнага Нэймара. Многія аналітыкі лічаць Бельгію больш збалансаванай дружынай, а як будзе ў рэальнасці – даведаемся позна ўвечары.

Беларускае Радыё Рацыя