Сюрпрыз ад венграў



У аўторак на Еўра скончыўся першы тур. Усе дружыны прадставілі свае візітоўкі. Радуе тое, што ў прайшоўшых 12 матчах не зафіксавана аніводнай нулявой нічыі, з іншага боку засмучае, што выніковасць пакуль зусім невысокая. Сама папулярны лік 1:0. Але хочацца верыць, што ўсё пойдзе па нарастаючай.

Апошнімі на французскія палі выйшлі прадстаўнікі квартэту “F”. Спярша “скрыжавалі мячы” гістарычныя аскепкі імперыі Габсбургаў – Аўстрыя і Вугоршчына. Прадстаўнікі радзімы Моцарта на паперы лічыліся фаварытамі, але ніяк гэта не пацвердзілі на газоне. Брамнік мадзьяраў Габар Кірай усталяваў рэкорд, толькі ступіўшы на траву – ён стаў самым старэйшым у гісторыі Еўра сярод тых, хто выступаў у фінальнай частцы – 40 гадоў і больш чым два месяцы. Аднак, цешыцца дасягненнем не было калі – ужо на першай хвіліне Давід Алаба выстраліў у штангу, якая ўратавала каларытнага брамніка ў портках. А далей насуперак прагнозам венгры больш удала кантралявалі мяч. У другім тайме здавалася б нязграбны Адам Салаі пасля простай троххадоўкі злаўчыўся пераправіць мяч у сетку аўстрыякаў. Услед альпійцаў спасцігла яшчэ адна бяда – выдаленне Драгавіча з-за дзвюх жоўтых картак. Лёс матчу быў вызначаны, канчатковую вікторыю мадзьяры праштампавалі ў контратацы.

Аўстрыя-Венгрыя-0:2 (Адам Салаі, 62, Золтан Штыбер, 87).

Партугалія дамінавала ў паядынку з Ісляндыяй. Сама паўночнай дружыне кантыненту было няпроста дзеіць супраць паўднёвых еўрапейцаў, да таго ж астравіцяне нечакана прайгравалі змаганне на “другім паверсе”. Зорны Крышціяну Раналду выйшаў у барвах нацыянальнай дружыны 117-ы раз, дагнаўшы па гэтым паказніку Луіша Фігу. Але больш прыкметным  у чырвона-зялёным калектыве ў першым тайме быў іншы шматгадовы лідар – Нані. Менавіта яму і ўдалося адкрыць лік пасля флангавага прастрэлу. Другі тайм стаўся дастаткова алагічным. Жахлівая пазіцыйная памылка ў цэнтры партугальскай абароны прывяла да таго, што вікінгі святкавалі свой першы ў гісторыі гол на Еўра. Яго запісаў на свой баланс Біркір Б’ярнарсан. Далейшыя парывы партугальцаў разбіваліся аб мур абароны Ісляндыі і надзейнасць галкіпера Хальдарсана. Не далі плёну і штрафныя ў выкананні Раналду. Так ісляндцы заваявалі першае ачко на Еўра ў сваёй гісторыі.

Партугалія-Ісляндыя – 1:1 (Луіш Нані, 31; Біркір Б’ярнасан,50).

Праграму другога туру ў сераду адкрыюць на стадыёне Ліля Расея і Славаччына. Адны злавілі ў першым матчы за хвост птушку ўдачы, іншыя спазналі горыч прыкрай паразы. Менавіта для славакаў сёння момант ісціны – падначаленыя Яна Козака мусяць перамагаць, каб мець рэальныя шанцы на выхад у плэй-оф.

Становішча ў групе “В”: Уэльс – 3 ачкі, Англія і Расея – па 1, Славаччына – 0.

У Парыжы спаткаюцца Румынія і Швайцарыя. Перамога гельветаў адразу гарантуе ім выхад у наступны раўнд, карпацка-балканскім жа футбалістам адступаць няма куды, трэба браць хоць ачко.

Марсельскі вечар можа прынесці радасць гаспадарам турніру. Францыя прыкметна вышэй класам албанцаў, якім давядзецца нясоладка. Калі балканцы здабудуць хоць ачко – гэта станецца сенсацыяй.

Становішча ў групе “А”: Францыя і Швайцарыя – па 3 ачкі, Румынія – 0, Албанія – 0.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя