„Тарпеда-БелАЗ” абыграла БАТЭ, у першым тайме прайгравала 0:2
На футбольным чэмпіянаце Беларусі прайшлі заключныя матчы 20-га тура. Першы з іх у Жодзіне паміж мясцовым „Тарпеда-БелАЗам” і барысаўскім БАТЭ. У першым тайме Максім Скавыш і Ігар Стасевіч забілі два мячы ў браму гаспадароў, а тарпедаўцы адказалі голам Андрэя Хачатурана. Пасля перапынку „аўтазаводцы” пераламалі ход паядынку: спачатку Габрыэль Рамас аднавіў парытэт, а затым Дзмітрый Анцілеўскі прынёс валявую вікторыю сваёй камандзе — 3:2. Футбалісты „Мінска” на поле сталічнага стадыёна „Трактар” прымалі гасцей з берасцейскага „Руху” і прайгралі 0:1 – адзіны гол забіў на 19-й хвіліне матчу Дзяніс Грэчыха, „Гарадзея” на сваім полі згуляла ўнічыю з менскім „Энергетыкам-БДУ” 1:1. Пасля 20-ці тураў у турнірнай табліцы лідыруе салігорскі „Шахцёр”, які набраў 40 ачкоў, у БАТЭ — 37 балаў і столькі ж у „Нёмана”, які яшчэ мае адну гульню ў запасе.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” разграмілі „Бабруйчанку”
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” працягваюць ісці без страт у жаночым чэмпіянаце Беларусі. Сваю трынаццатую запар вікторыю падначаленыя Юрыя Малеева здабылі ў гасцях у спартовак „Бабруйчанкі”, выйграўшы з буйным лікам 4:0. Вынікі астатніх сустрэч 13-га тура: зборная Беларусі да 19 гадоў абыграла БОЦОР (Берасце) – 2:0, магілёўскі „Днепр” буйна саступіў сталічнай „Зорцы-БДУ” – 1:5, а гарадзенскі „Нёман” на хатняй арэне прайграў „Мінску” – 0:1. Пасля 13 тураў лідыруе „Дынама-БДУФК”, якое набрала 39 ачкоў, у „Мінска” – 33, у „Нёмана” — 24 балы. Матчы наступнага тура пройдуць 8 і 10 жніўня.
Вызначаны пераможцы заключнага дня чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы
Вызначаны пераможцы заключнага дня чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы, які скончыўся на менскім стадыёне „Дынама”. У скачку з шастом перамогу святкаваў Уладзіслаў Чэмармазовіч — 5 метраў 20 сантыметраў. У дзяўчат у дадзенай дысцыпліне лепшай стала Ірына Жук 4 метры 72 сантыметры. Кацярына Карняенка і Вячаслаў Скудны выйгралі забегі на 5000 м. У эстафеце 4х100 м у дзяўчат вікторыю святкавалі спартоўкі Менска. Дыяна Рабкова паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў сямібор’і. У змяшанай эстафеце 4х400 м перамаглі прадстаўнікі нацыянальнай каманды Беларусі. Віктар Трус заваяваў залаты медаль у кіданні дыска. Крысціна Цімановская і Сяргей Пустабаеў сталі першымі ў бегу на 200 м. Ягор Хаўратовіч і Ганна Міхайлава выйгралі забегі на 400 м з бар’ерамі. Ілля Карнавухаў і Дар’я Барысевіч перамаглі ў бегу на 800 м. Святлана Сярова паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў кіданні дыска. Уладзіслаў Булахоў і Анастасія Мірончык-Іванова выйгралі спаборніцтвы ў скачку ў даўжыню.
Вызначыліся медалісты чэмпіянату Беларусі ў гонках на байдарках і каноэ на 200, 500 і 1000 м
У заключны дзень чэмпіянату Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ вызначыліся прызёры гонак на 200, 500 і 1000 м. У вырашальных стартах жаночых байдарак-двоек на 200 м не было роўных Маргарыце Махневай і Марыне Літвінчук. Іх вынік – 38,736 секунды. Фінал каноэ-чацвёрак на 500 м у мужчын стаў бенефісам зборнага квартэта ў складзе Яўгена Тэнгеля, Арцёма Козыра, Глеба Саладухі і Дзяніса Махлая. У вырашальнай гонцы байдарак-чацвёрак на 1000 м у мужчын вікторыю святкавалі Алег Юрэня, Павел Мядзведзеў, Мікіта Санько і Віталь Бялько.
Сасновіч выйшла ў трэці круг кваліфікацыі тэніснага турніру ў Палерма
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў трэці кваліфікацыйны раўнд турніру ў італьянскім Палерма з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У паядынку другога круга беларуска, якая займае 119-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), выйграла першую партыю ў 133-й ракеткі свету чэшкі Тэрэзы Марцінцавай з лікам 6:3, а затым саперніца не змагла працягнуць сустрэчу. У вырашальным матчы за выхад у асноўную сетку саперніцай Аляксандры Сасновіч будзе пераможца сустрэчы Лара Аруабарэна-Весіна (Іспанія) – Марціна Ды Джузэпэ (Італія).
Аляксандр Кітараў пяройдзе ў „Куньлунь”
Беларускі нападнік Аляксандр Кітараў пяройдзе ў „Куньлунь”.
Пра гэта паведамляе расейскі журналіст і інсайдэр Аляксей Шаўчэнка.
У апошніх чатырох сезонах Кітараў выступаў за менскае „Дынама”. У мінулым годзе на рахунку Аляксандра 6 (3 + 3) ачкоў у 59 матчах КХЛ пры 36 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „-18”. Форвард пастаянна прыцягваецца ў зборную Беларусі. Акрамя „Дынама”, у КХЛ Кітараў выступаў за „Нафтахімік”. Усяго ў лізе ў яго 450 матчаў, адзначае hockey.by.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота championat.com