“Тарпеда” – клуб, які ўсё робіць па-беларуску
2015 год у айчынным футболе праходзіць пад знакам еўракубкаў і беларускай мовы. Ажно некалькі каманд Вышэйшай Лігі пачалі выкарыстоўваць родную мову на стадыёнах. Адной з першых каманд, што пачалі прасоўваць мову ў футбол, стала менскае “Тарпеда”.
Дыктар каманды праграміст Аляксей распавядае, як распачыналася спартовая беларусізацыя:
– Пытанне, чаму футбольны клуб падтрымоўвае мову, увогуле ў нас не стаіць. “Тарпеда” – каманда звычайных простых хлопцаў з аўтазаводу, нашая каманда – адна з найстарэйшых у Беларусі. Цэлыя пакаленні хадзілі заўзець на стадыён за сваіх, прыводзілі сюды свае сем’і, займаліся ў футбольнай школе “Тарпеда”. У нас заўжды быў прынцып падтрымкі свайго. Абарона свайго – гэта галоўны наш прынцып. Таму з гэтага і нарадзілася пазіцыя, што мова – гэта наша, сваё, і паколькі мы прадстаўляем Беларусь, то павінны ўсё рабіць па-беларуску. Вельмі дзіўна, калі пачынаюць пытацца, на якой мове ў Беларусі пісаць прозвішчы гульцоў на футболках ці рабіць рэкламу. Гэтае пытанне ўвогуле не павінна ўздымацца. Мы жывём у Беларусі, і калі хочам, каб нас паважалі іншыя дзяржавы, іншыя нацыі, мы павінны паважаць самі сябе, і толькі з гэтага можа нарадзіцца нармальная дзяржава!
Людзі пазітыўна рэагуюць, і гэта стала нашай “фішкай”. І мы вельмі рады, што беларуская мова распаўсюджваецца і ў іншых клубах. Гэта ўжо лічыцца прэстыжным, калі дыктар на стадыёне гаворыць па-беларуску.
Антон Пупкевіч, адміністратар футбольнага клуба “Тарпеда”:
– Апошнія два гады на стадыёне мы выкарыстоўваем толькі беларускую мову. І афішы, і білеты, і рэклама – толькі на беларускай мове. У сацыяльных сетках карыстаемся толькі роднай мовай, і сайт наш беларускамоўны. Можна сказаць, што “Тарпеда” – адзін са спартовых клубаў Беларусі, у якім усё робіцца толькі па-беларуску. Нашы фаны таксама падтрымліваюць каманду і стараюцца размаўляць па-беларуску.
“Мы спадзяемся, што не за гарамі той час, калі беларусізуецца не толькі айчынны спорт, але і нашае грамадства. Добры прыклад таму наша невялікая ініцыятыва з аднаўленнем каманды,” – падсумаваў адміністратар менскага “Тарпеда”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск