„Тарпеда” разграміла футбалістаў „Гомеля” у чэмпіянаце Беларусі



Жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” разграміла футбалістаў „Гомеля” з лікам 3:0 у апошнім матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме сустрэчы ў Гомелі ішла роўная барацьба, а пасля перапынку госці змаглі тройчы забіць супернікам. У пачатку другой паловы гульні вызначыліся Валерый Гарбачык і Вадзім Пабудзей, а ў канцы матча Аляксандр Ксенафонтаў паставіў апошнюю кропку.  У канцы сустрэчы паўабаронцу жодзінскай каманды Дзмітрыю Лісаковічу стала дрэнна — гулец страціў прытомнасць. Галоўны трэнер „Тарпеда” Дзмітрый Молаш пазней паведаміў, што з футбалістам усё ў парадку і што эпізод не прывёў да сур’ёзных наступстваў. Каманда Дзмітрыя Молаша застаецца адзінай, якая не пацярпела ніводнай паразы ў гэтым сезоне. Цяпер у чэмпіянаце краіны наступіў перапынак, звязаны з міжнароднымі матчамі нацыянальнай і маладзёжнай зборных Беларусі.

Маладзёжная зборная Уругвая ўпершыню стала чэмпіёнам свету

Зборная Уругвая ў фінале маладзёжнага чэмпіянату свету па футболе абыграла Італію з лікам 1:0. Адзіны гол на 86-й хвіліне забіў Лусіяна Радрыгес. На 81-й хвіліне паўабаронца італьянцаў Матэа Праці атрымаў чырвоную картку за ўдар шыпамі па назе суперніка, аднак галоўны арбітр сустрэчы пасля дапамогі ВАР замяніў выдаленне на жоўтую картку. Маладзёжная зборная Уругвая ўпершыню стала чэмпіёнам свету. У 2013 годзе яна саступіла ў фінале Францыі. Бронзу чэмпіяната выіграла маладзёжная зборная Ізраіля, якая перамагла зборную Паўднёвай Карэі 3:1.

Джокавіч выйграў 23-і турнір серыі „Вялікага шлема”

Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч трэці раз выйграў адкрыты чэмпіянат Францыі і стаў рэкардсменам па колькасці тытулаў на турнірах серыі „Вялікага шлема”. У фінале „Ралан Гарос” Джокавіч абыграў у трох сэтах нарвежскага тэнісіста Каспера Рууда – 7:6 (7:1), 6:3, 7:5. Пасля гэтай вікторыі 36-гадовы Новак Джокавіч абышоў іспанца Рафаэля Надаля па колькасці перамог на спаборніцтвах „Вялікага шлема”, зараз у яго 23 чэмпіёнскіх тытулы. Трыумфатарам жаночага адзіночнага разраду French Open – 2023 стала польская тэнісістка Іга Свёнтэк, якая перамагла ў вырашальным паядынку чэшку Караліну Мухаву.

Беларускія дзюдаісты заваявалі дзевяць узнагарод адкрытага Кубка Азіі

Беларускія дзюдаісты сталі ўладальнікамі дзевяці ўзнагарод адкрытага Кубка Азіі ў Бішкеку. Залатыя медалі заваявалі Ягор Варапаеў (вагавая катэгорыя 90 кг), Ягор Кухарэнка (звыш 100 кг) і Дар’я Канцавая (78 кг).

Усяго ў спаборніцтвах у сталіцы Кыргызстана прынялі ўдзел больш за 200 спартоўцаў з 9 краін. На наступным тыдні беларусы выступяць на турніры серыі „Вялікага шлема” ў Астане, дзе змогуць здабыць чарговыя рэйтынгавыя ачкі для кваліфікацыі на Алімпіяду-2024.

Беларускае Радыё Рацыя