Марыя Шарапава прызналася ва ўжыванні допінгу
Славутая расейская тэнісістка, былая першая ракетка свету Марыя Шарапава паведаміла, што ў яе крыві падчас турніру Australian Open быў знойдзены забаронены прэпарат.
Тэнісістка паведаміла, што доўгі час прымала прэпарат мілдранат, які нядаўна быў унесены ў спіс забароненых. Шарапава сцвярджае, што проста прапусціла той момант, калі мілдранат унеслі ў „чорны” спіс.
Ва ўмовах падвышанай напружанасці мілдранат узнаўляе раўнавагу па дастаўцы і ўжыванню клеткамі кіслародам, таксама мае танізуючы эфект. Пры дапамозе яго арганізм хутка ўзнаўляецца і дапамагае вытрымліваць вялікія нагрузкі.
«Я зрабіла вялікую памылку, падвяла заўзятараў і падвяла спорт, якім займаюся ад 4 гадоў», — сказала Марыя.
Марыя Шарапава мае 28 гадоў, а таксама беларускае паходжанне. Яе бацькі родам з Гомеля, там жыве яе бабуля. Бацькі перехалі ў Сібір праз некалькі месяцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Шарапава мае пяць перамог у турнірах серыі «Вялікага шлема». За сваю кар’еру ў тэнісе яна зарабіла больш за 36 мільёнаў даляраў прызавых.
Калі Шарапава прызначыла прэс-канферэнцыю, то ўсе думалі, што гаворка пойдзе ці пра сыход са спорту, ці пра цяжарнасць Марыі.
«Я не хачу гэткім чынам сканчваць кар’еру і спадзяюся, што ў мяне будзе яшчэ адзін шанец», — адзначыла расіянка. Пакуль не паведамляецца, якое ж менавіта пакаранне панясе спартоўка.
Паведамляе nn.by
Фота: Robyn Beck / AFP / Scanpix