Тэрэза Хаўзэр выйграла індывідуальную гонку на этапе КС па біятлоне
Аўстрыйская біятланістка Ліза Тэрэза Хаўзэр перамагла ў індывідуальнай гонцы на сёмым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у Італіі. Пераможца пераадолела дыстанцыю 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі за 42 хвіліны 29,3 секунды, дапусціўшы адзін промах пры стральбе. Другі вынік паказала ўкраінка Юлія Джыма, якая саступіла пераможцы 43,7 секунды, пры гэтым адстраляўшы без промахаў. Трэцяй стала французская біятланістка Анаіс Шэвалье-Бушу.
Лепшая з беларусак Дынара Алімбекава заняла 8-е месца, саступіўшы пераможцы хвіліну 52,4 секунды – на стрэльбішчы Дынара прамахнулася двойчы. Ганна Сола фінішавала 32-й, Ірына Крыўко завяршыла гонку на 42-й пазіцыі, Алена Кручынкіна – 72- я. Усяго стартавалі 96 удзельніц. Сёння адбудзецца індывідуальная гонка ў мужчын.
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” прайгралі ў спарынгу кіеўскаму „Дынама”
Чэмпіёны Беларусі правялі першы кантрольны матч на перадсезонным трэніровачным зборы ў Аб’яднаных Арабскіх эміратах. У Дубаі падначаленыя Рамана Грыгарчука саступілі срэбраным прызёрам украінскага першынства футбалістам кіеўскага „Дынама” з лікам 0:2. У першым тайме супернікі мячоў не забілі, а пасля перапынку кіяўляне двойчы засмуцілі навабранца салігорскага клуба Сяргея Чэрняка.
На 24 студзеня ў „Шахцёра” запланавана сустрэча з расійскім чэмпіёнам „Зенітам” з Санкт-Пецярбурга. Зенітаўцы у сваім першым спарынгу разграмілі чэмпіёна Латвіі „Рыгу” з лікам 4:0.
«Барселона» ў дадатковы час абыграла клуб Сегунды Б у Кубку Іспаніі
У сустрэчы 1/16 фіналу Кубка Іспаніі «Барселона» у дадатковы час здолела абыграць «Карнэлію», якая выступае ў Сегундзе Б (3-м дывізіёне чэмпіянату Іспаніі), з лікам 2:0. Асноўны час прайшоў без забітых мячоў. Цікава, што падначаленыя Рональда Кумана не змаглі рэалізаваць 2 пенальці. А ўжо на старце дадатковага часу французскі нападнік сіне-гранатавых Усман Дэмбеле вывеў гасцей наперад. За некалькі секунд да фінальнага свістка Марцін Брэйтвэйт умацаваў перавагу «Барселоны». Дубль Суарэса ў гульні з «Эйбарам» у рамках 19-га тура чэмпіянату Іспаніі дазволіў яго «Атлетыку» перамагчы з лікам 2:1. Пераможная серыя падначаленых Дыега Сімеонэ ў чэмпіянаце Іспаніі налічвае ўжо 6 матчаў. У 1/8 фіналу Кубка Італіі «Лацыё» абыграў з тым жа лікам «Парму». У матчы 18-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Ліверпуль» сенсацыйна саступіў гасцям з «Бёрнлі» 0:1. Адзіны гол на 83-й хвіліне матчу з пенальці забіў нападнік Эшлі Барнс.
Палякі абыгралі уругвайцай на гандбольным чэмпіянаце свету
Чарговыя паядынкі адбыліся на другім этапе чэмпіянату свету па гандболе ў Егіпце. У 1-й групе гандбалісты зборнай Польшчы разграмілі каманду Уругвая з лікам 30:16. У 2-й групе аргентынцы ўпэўнена абыгралі японцаў – 28:24.
Гандбалісты зборнай Беларусі, якія выступаюць у 4-й групе ў першым матчы згулялі ўнічыю са шведамі 26:26, а сёння сустрэнуцца з гаспадарамі турніру егіпцянамі, якія ўпэўнена абыгралі расейцаў 28:23.
Пасля завяршэння матчаў другога раўнду ў чвэрцьфінал выйдуць па дзве лепшых каманды з чатырох груп.
Верамеенка і Салаш – лепшыя баскетбалісты года, Вzргун – лепшы трэнер-2020
„Прессбол” абвясціў лаўрэатаў баскетбольнага года, што былі вызначаныя з дапамогай традыцыйнага апытання трэнераў, спецыялістаў і журналістаў. Падлік галасоў даў наступныя вынікі. У жаночай кампаніі зноў няма роўных цэнтравой „Гарызонта” Анастасіі Верамеенцы – ёй аддалі перавагу 33 працэнты апытаных.
Сярод мужчын з велізарным адрывам вырваўся наперад форвард іспанскага „Сан Пабла Бургас” Максім Салаш, які набраў 80% галасоў.
Новае прозвішча ўнесена і ў спіс лепшых прадстаўнікоў трэнерскага цэха: пальму першынства рэспандэнты аддалі настаўніку зборнай і менскіх „Цмокаў” Расціславу Вергуну – у яго 52%.
Беларускае Радыё Рацыя