«Травяныя хакеісткі» змагаюцца за Алімпіяду 



Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве з перамогі над Намібіяй з лікам 7:0 стартавала ў адборавым турніры да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіо. 

Чатыры галы ў актыве Хрысціны Папковай, таксама змаглі вызначыцца забітымі мячамі Алена Сажына, Анастасія Сыраежка ды Юлія Міхейчык. Наступную гульню зборная правядзе 21 чэрвеня супраць Іспаніі, а завершыць папярэдні этап 22 чэрвеня сустрэчай з Канадай. Шлях на галоўныя старты чатырохгоддзя пачаўся для каманды нідэрландскага спецыяліста Хермана Круіса ў 2018 годзе на спаборніцтвах у Францыі, дзе беларуская зборная заняла першае месца. Матчы наступнага этапу адбору прымае іспанская Валенсія.

* * * 

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы. У 1-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы „Шахцёр” згуляе з мальційскім „Хіберніянсам”, менскае „Дынама” сустрэнецца з латвійскай „Ліепаяй”, а „Віцебск” – з фінскім „Купсам”, усе тры беларускія каманды першыя матчы правядуць на сваім полі 11 ліпеня. Паядынкі ў адказ адбудуцца 18 ліпеня.  Такім чынам, пераможца пары „Шахцёр”/”Хіберніанс” згуляе з дацкім „Эсб’ергам”. Менскае ” Дынама” ў выпадку поспеху ў першым раўндзе кваліфікацыі з латвійскай „Ліепаяй” пазмагаецца з кімсьці з супрацьстаяння „Норчэпінг”(Швецыя)/” Сэнт-Патрыкс ” (Ірландыя). Футбалістаў „Віцебска” пасля магчымага ўдалага зыходу дуэлі з фінскім „Купсам”, хучэй за ўсё, будзе чакаць польская „Легія”, якой трэба будзе перамагчы кагосьці з пары „Сан-Жуліа”(Андора)/ „Еўропа” (Гібралтар). Барысаўскі БАТЭ ў выпадку поспеху ў супрацьстаянні ў рамках 1-га раўнда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з польскім „Пястам” у другім раўндзе згуляе з пераможцам пары „Лінфілд” (Паўночная Ірландыя)/ „Русенборг” (Нарвегія). Няўдачнік беларуска-польскай дуэлі будзе гуляць у кваліфікацыі Лігі Еўропы з той камандай, якая прайграе ў пары „Рыга”(Латвія)/ „Дандалк” (Ірландыя).

* * * 

У матчы 2-га тура групавога этапу Кубка Амерыкі у групе В зборная Аргенціны згуляла ўнічыю з нацыянальнай камандай Парагвая з лікам 1: 1. Лік парагвайцамі быў адкрыты на 37-й хвіліне. Аўтарам гола стаў паўабаронца Рычард Санчэс. Лідар Аргенціны Ліянэль Месі рэалізаваў пенальці на 58-й хвіліне. Праз пяць хвілін 11-мятровы быў прызначаны ўжо ў браму аргенцінцаў, аднак нападнік парагвайцаў Дэрліс Гансалес перайграць брамніка не змог.

Такім чынам, зборная Аргенціны набрала толькі адно ачко пасля двух матчаў і можа не выйсці з групы. У зборнай Парагвая – 2 ачкі. У наступным туры Аргенціна згуляе з Катарам, а Парагвай чакае сустрэча з Калумбіяй.

*  * * 

Універсалы гандбльных клубаў „Кронан” Гародня і „Машэка” Магілёў Дзяніс Янкоўскі і Аляксей Гайса маюць намер паспрабаваць свае сілы ў іншых клубах.  У Янкоўскага ёсць варыянты працягу кар’еры ў Расеі, Польшчы і Беларусі. Зрэшты, не выключана, што ён застанецца ў „Кронане”. Гайса плануе перабрацца ў адзін з латвійскіх клубаў.

* * * 

Хакеісты „Дынама-Мінск” першы збор пры падрыхтоўцы да новага сезона правядуць у Пінску, паведамілі ў прэс-службе каманды. У планах „зуброў” з 13 ліпеня праца над фізічнай падрыхтоўкай і некалькі спарынгаў. У жніўні беларускі клуб прыме ўдзел у Кубку губернатара Ніжагародскай вобласці, затым выступіць са стадыі паўфіналу ў Кубку Беларусі, а завершыць перадсезонную серыю матчаў у Рызе, дзе згуляе ў Кубку латвійскіх чыгунак. Сезон у Кантынентальнай лізе стартуе ў пачатку верасня, канчатковы каляндар з’явіцца ў ліпені. Да новага сезона менчукі будуць рыхтавацца пад кіраўніцтвам новага трэнерскага штаба, які ўзначаліў канадскі спецыяліст Крэйг Вудкрафт.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Беларускай федерацыі хакея на траве