Трэнер БАТЭ: Любая колькасць ачкоў у матчы з „Чэлсі” стане крокам да плэй-оф



Любая колькасць ачкоў у матчы з „Чэлсі” стане крокам да плэй-оф, заявіў галоўны трэнер футбольнага клуба БАТЭ Аляксей Бага на прэс-канферэнцыі ў Барысаве 7 лістапада. Сустрэча пройдзе ў чацвер у межах чацвёртага тура групавога раўнду Лігі Еўропы УЕФА.

Паводле слоў Багі, сітуацыя ў групе L пасля першага круга („Чэлсі” — 9 ачкоў, грэчаскі ПАОК, венгерскі „Відзі” і БАТЭ — па 3) даволі нечаканая з-за перамогі „Відзі” над ПАОКам. „Яна дадала заварухі. Фактычна ўсё пачынаецца з пачатку для трох каманд, сцэнар пішацца па-новаму, таму любая нічыя  — „хакейная” або нулявая, — ці перамога стане крокам наперад і да выхаду ў плэй-оф”, — сказаў Бага, каментуючы надзеі, што прагучалі ў СМІ, сваіх футбалістаў на нічыю з англічанамі.

„Фізічная гатоўнасць каманды добрая, — адзначыў трэнер. — Ёсць звычайная стомленасць, псіхалагічная, фізічная, але сам стан выдатны, гэта даказалі гульні ў Брэсце, Гомелі, з Гроднам. Значыць, цяжка людзям, ці не цяжка, але яны ўмеюць цярпець, вельмі шмат пабачылі, вельмі шмат прайшлі, таму я ведаю, што ім цяжка, бачу візуальна, і ў размовах яны гэта не хаваюць. Але яны гатовыя добра, усе яны ў аднолькавай форме, псіхалагічнай і фізічнай. Праблем не бачу, акрамя таго, што мы наездзіліся-налёталіся”.

У групавым раўндзе Лігі Еўропы БАТЭ стартаваў з гасцявой перамогі над „Відзі” (2:0). Затым былі паразы ад ПАОКа (1:4 дома) і „Чэлсі” (1:3 на выездзе). Пры гэтым грэкі забілі тры мячы за першыя 17 хвілін, англічане — два мячы за першыя 8 хвілін. Паводле слоў Багі, няма канкрэтнага рэцэпту супраць правалаў у дэбюце. „Калі б ён быў, мы б ім ужо скарысталіся. Пра гэта мы часта разважаем з гульцамі і трэнерскім штабам. У нейкай меры гэта звязана з узроўнем супернікаў, [залежыць] ад узроўню супраціўлення. Мы залішне рэдка сустракаемся з такім агрэсіўным, хуткім пачаткам гульні. Хоць гэта не апраўданне, гэта недапушчальна, асабліва калі мы возьмем гульню з ПАОКам. Прапускаць тры мячы дома за 17 хвілін — ні ў якім разе”, — заявіў Бага.

Паводле яго слоў, на такіх турнірах неабходна вылазіць са свайго кокана і не быць проста ўдзельнікам, статыстам. „Усё ж такі калі-небудзь мы да гэтага прыйдзем, што мы будзем на роўных з імі гуляць. Хочацца пазбаўляцца гэтай псіхалогіі — „адбіцца”, „забіцца ў кокан” і „толькі нас не біце”… У нас не менш таленавітыя футбалісты, чым там, але па шэрагу розных прычын не ўдаецца праявіць сябе з самага лепшага боку кожны тыдзень”, — перакананы трэнер.

Матч Лігі чэмпіёнаў „Црвена Звезда” — „Ліверпуль” (2:0), які адбыўся напярэдадні, паказаў, што непераможных сёння няма, нягледзячы на ўсе бюджэты і зорныя імёны, заявіў Бага.

У той жа час, адзначыў ён, „Чэлсі” — гэта два раўнацэнныя склады, дамінуючы футбол, валоданне мячом у суадносінах 70 на 30 працэнтаў, шалёныя хуткасці. „Мы даўно зразумелі, дзе мы і дзе яны. Наша задача [у Лондане] была як мага хутчэй адаптавацца і супрацьстаяць гэтаму ўсяму. Мы не сутыкаемся з гэтым у Беларусі, ні з адным супернікам, ні на выездзе, ні дома. Гэта тое ж самае, што падняць у паветра „Боінг”, а потым сесці на „Фольксваген-Блюберы”. Вось і ўся розніца”, — сказаў трэнер.

Паўабаронца БАТЭ Яўген Бярозкін, які стаў аўтарам пераможнага гола ў вароты гродзенскага „Нёмана” ў папярэднім туры нацыянальнага першынства (БАТЭ па яго выніках датэрмінова стаў 15-разовым чэмпіёнам), пацвердзіў, што „Чэлсі” з’яўляецца яго любімым клубам і ён марыў калі-небудзь згуляць на стадыёне „Стэмфард Брыдж” (гэта адзначыла нават прэс-служба англійскага клуба на сваім сайце). „Эмоцыі, вядома, былі шалёныя, таму што гэта мара дзяцінства. Было супер”, — сказаў футбаліст.

„Калі ты адрозніваешся нейкімі дзеяннямі, якія ў выніку прыносяць пераможны вынік матчу, гэта надае дадатковы імпульс, зарад, і думаю, не толькі для мяне, але і для ўсёй каманды, таму што падзея вельмі знакавая здарылася (чэмпіёнства. — БелаПАН.). Думаю, усе зараджаныя па поўнай”, — апісаў Бярозкін свой стан пасля матча з „Нёманам” і напярэдадні сустрэчы з „Чэлсі”.

Варта зазначыць, што прэс-служба суперніка назвала Багу сербскім трэнерам. „Ніякіх праблем”, — адрэагаваў ён на сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Барысаве.

belapan.by