Трэнерскі штаб НФК „Крумкачы” ў поўным складзе пакінуў клуб
Па завяршэнні тэрміна кантрактаў з футбольным клубам „Крумкачы” развіталіся галоўны трэнер Алег Кубараў і яго асістэнты Сяргей Казека, Сяргей Кубараў і трэнер брамнікаў Эдуард Тучынскі, паведамляе афіцыйны сайт „Крумкачоў”. Пад кіраўніцтвам трэнерскага штаба каманда па выніках сезону-2021 заваявала бронзавыя медалі першай лігі і права ўдзельнічаць у стыкавых матчах за выхад у вышэйшую лігу. Арцём Радзькоў падоўжыў кантракт з „Іслаччу”. Кіраўніцтва клуба яшчэ на год працягнула супрацу з галоўным трэнерам. Таксама ўдалося захаваць увесь трэнерскі штаб, які працаваў з галоўнай камандай летась, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта „Іслачы”.
Беларуска Вольга Гаварцова не выйшла ў асноўную сетку Australian Open
Вольга Гаварцова (138-ы нумар сусветнага рэйтынгу) не змагла прабіцца ў асноўную сетку адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У вырашальным паядынку кваліфікацыі беларуская тэнісістка прайграла ў двух сэтах італьянцы Марціне Трэвізан (181) – 2:6, 3:6. Асноўны турнір Australian Open пройдзе ў Мельбурне з 17 да 30 студзеня. У жаночай частцы выступяць тры беларускія тэнісісткі – Арына Сабаленка (2), Вікторыя Азаранка (25) і Аляксандра Сасновіч (77).
Візу першай ракеткі свету Новака Джокавіча зноў анулявалі
Аўстралійская віза першай ракеткі свету Новака Джокавіча зноў анулявана. Гэтае рашэнне прыняў міністр іміграцыі Алекс Хоўк. У якасці прычын міністр назваў медыцынскія падставы і „інтарэсы належнага парадку”. Ён пастанавіў, што ануляванне візы Джокавіча будзе „ў грамадскіх інтарэсах”. Юрысты серба плануюць абскардзіць рашэнне. З-за гэтага рашэння міністра Джокавічу пагражае забарона на ўезд у Аўстралію тэрмінам на тры гады.
Ягор Шаранговіч закінуў у чацвёртым матчы запар
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе ўступіў „Айлендэрс” з лікам 2:3. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч, закінуўшы шайбу на 10-й хвіліне, адкрыў лік. На рахунку 23-гадовага нападніка 15 (8+7) ачкоў у 31 матчы чэмпіянату НХЛ-2021/22. Шаранговіч набірае ачкі ў пяці сустрэчах запар. Акрамя таго, Шаранговіч закідвае ў чатырох гульнях запар і ўстанавіў асабісты рэкорд. Беларус правёў першы матч пасля вяртання з каранціну.
Беларускае Радыё Рацыя