Трое гульцоў зборнай Беларусі па футболе адмовіліся ехаць на матчы



Трое ключавых гульцоў беларускай зборнай па футболе адмовіліся ехаць на матчы з Літвой і Албаніяй у лістападзе: гэта Аляксандр Мартыновіч, Станіслаў Драгун і Павел Няхайчык.

„У кожнага свае прычыны”, — пракаментаваў іх рашэнне трэнер Міхаіл Мархель.

Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Нур-Султане

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў паспяхова стартаваў на турніры ў Нур-Султане з прызавым фондам 273 тысячы 300 даляраў.  Сёння ў стартавым паядынку спаборніцтваў у сталіцы Казахстана беларус, які займае 83-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграў паўднёваафрыканскага тэнісіста Лойда Харыса, у якога 80-я пазіцыя – 6:3, 3:6, 7:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 2 хвіліны. У 1/8 фіналу супернікам Ягора Герасімава будзе чэшскі тэнісіст – 66-ы нумар сусветнага рэйтынгу Іржы Вясёлы.

„Мяшкоў Брэст” сышоў на каранцін

Гандбольны клуб „Мяшкоў Брэст” выступіў з наступнай заявай:

„Напярэдадні матчу з вугорскім „Пікам” у некалькіх гандбалістаў БГК „Мяшкоў Брэст” тэсты на каронавірус далі станоўчы вынік. Наш клуб строга падыходзіць да анціковідных мер засцярогі і з павагай ставіцца да здароўя гульцоў, трэнераў і персаналу. Таму было прынята рашэнне скарыстацца паўзай у чэмпіянаце Беларусі і Лізе чэмпіёнаў і сысці на каранцін. У бліжэйшы тыдзень спартоўцы будуць працаваць самастойна ў хатніх умовах пад дыстанцыйным кантролем трэнера па фізпадрыхтоўцы”. Наступныя матчы ў БГК запланаваны на сярэдзіну лістапада: 14-га мяшкоўцы прымуць „Кронан”, а 18-га сустрэнуцца ў гасцях з „Фленсбургам”, – інфармуе афіцыйны сайт клуба.

Таксам па звестках pressball.by, адменены збор мужчынскай нацыянальнай каманды Беларусі па гандболе. Тэсты некалькіх гульцоў на каронавірус далі станоўчы вынік. Каманда Юрыя Шаўцова павінна была рыхтавацца да адборавага матчу чэмпіянату Еўропы супраць каманды Латвіі, які прызначаны на 7 лістапада ў Валміеры. Першапачаткова беларусы павінны былі згуляць і са зборнай Італіі 4 лістапада дома, але гэтая сустрэча была перанесена на больш позні тэрмін з-за патэнцыйнага каранціну, які госці павінны былі б прайсці пасля вяртання з Менска.

Когалеў і Алмквіста – у спісе траўмаваных менскага „Дынама”

У спіс траўмаваных менскага „Дынама” змешчаныя Аляксандр Когалеў і Адам Альмквіст, – паведамляе прэс-служба „зуброў”. У беларускага нападніка Когалева траўма верхняй часткі цела, атрыманая ў матчы з ЦСКА, а ў шведскага абаронцы Алмквіста пашкоджанне ніжняй часткі, вынік няўдалага падзення ў гульні з „Северсталлю”.

На дадзены момант у спісе траўмаваных таксама застаюцца Сяргей Багалейша, Кірыл Варонін, Раман Гарбуноў, Арцём Дзямкоў, Роб Клінкхамер, Іван Ладня, Андрэй Паўленка, Франсіс Парэ, Дэні Тэйлар і Дамінік Фурх.

Сяргей Пушкоў можа быць адпраўлены ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера „Нёмана”

Па звестках pressball.by, сёння Сяргей Пушкоў можа пазбавіцца пасады галоўнага трэнера „Нёмана”. Зараз настаўнік абмяркоўвае сітуацыю з кіраўніцтвам клуба. „Нёман” няўдала пачаў сезон. Пасля 15 тураў экстралігі „А” каманда набрала толькі 15 ачкоў і займае 6-е месца з 8.

Раней пад кіраўніцтвам Пушкова „Нёман” неаднаразова станавіўся чэмпіёнам Беларусі, а таксама заваёўваў Кубак Салея.

Жаночая зборная Беларусі згуляе з футбалісткамі Паўночнай Ірландыі

Футбалісткі зборнай Беларусі сёння прымуць каманду Паўночнай Ірландыі ў чарговым адборавым матчы чэмпіянату Еўропы. Уваход на сустрэчу, якая пачнецца ў 19.00 на полі менскага стадыёна „Дынама”, вольны. Гэты паядынак будзе судзіць брыгада іспанскіх арбітраў, якую ўзначаліць Сулема Гансалес. Падначаленыя Юрыя Малеева 21 кастрычніка павінны былі згуляць у гасцях у лідараў групы нарвежак, але ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй матч быў перанесены на наступны год. Сённяшні паядынак для зборнай Беларусі будзе пятым у кваліфікацыйнай групе С. Да гэтага яна двойчы абыграла аўтсайдара турніру каманду Фарэрскіх выспаў – 6:0 і 2:0, а таксама на сваім полі пацярпела дзве паразы: ад Нарвегіі – 1:7 і Уэльса – 0:1.

Футбалісты „Лакаматыва” прымуць „Баварыю” ў другім туры Лігі чэмпіёнаў

Матчы другога тура адбудуцца сёння ў чатырох групах футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У папярэднім квартэце А маскоўскі „Лакаматыў” з беларускім нападнікам Віталём Лісаковічам ў складзе прыме на сваёй арэне дзеючага пераможцу чэмпіёнскай Лігі мюнхенскую „Баварыю” (пачатак у 20.55, прамая трансляцыя на тэлеканале „Беларусь 5”). У першым туры масквічы згулялі ўнічыю ў гасцях у аўстрыйскага „Зальцбурга” – 2:2. Віталь Лісаковіч ў гэтай гульні забіў свой першы гол у Лізе чэмпіёнаў. Футбалісты „Баварыі” разграмілі ў Мюнхене іспанскі «Атлетыка» з Мадрыду з лікам 4:0. У іншым сённяшнім паядынку гэтай групы „Атлетыка” ў іспанскай сталіцы сустрэнецца з „Зальцбургам”.

У групе В чэмпіён Украіны данецкі „Шахцёр” згуляе ў Кіеве з італьянскім „Інтэрам” з Мілана. У Менхенгладбасе „Барусія” прыме „Рэал”.

У групе С партугальскі „Порту” згуляе на сваім полі з грэчаскім „Алімпіякасам”, французскі „Марсэль” прыме ў сябе дома англійскі „Манчэстэр Сіці”. У квартэце D італьянская „Аталанта”  сустрэнецца з нідэрландскім „Аяксам”, англійскі „Ліверпуль” на сваёй арэне згуляе з дацкім клубам „Мідт’юлан”.

Беларускае Радыё Рацыя