Трохразовы алімпійскі чэмпіён трэніруе ў Мастах дзяцей
“З’ехаў ад гарадской мітусні, вырашыў змяніць абстаноўку”, – кажа ў мінулым вядомы спартовец і і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Вядомы ў мінулым спартсмен Уладзімір Парфяновіч цягам апошніх гадоў працаваў у трэнерскім складзе зборнай Расеі, затым трэніраваў польскую нацыянальную каманду. Зараз спецыяліст вырашыў адысці ад спорту высокіх дасягненняў і пераехаў у невялічкі гарадок Масты, што ў Гарадзенскай вобласці, каб працаваць з дзецьмі трэнерам-выкладчыкам дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, паведамляе nv-online.info.
“Пасля таго, як у Польшчы скончыўся кантракт, вырашыў вярнуцца на радзіму, – распавёў Уладзімір Парфяновіч. – У мяне старыя сябры ў Мастах, таму і з’ехаў са сталіцы – далей ад гарадской мітусні. Можна было, безумоўна, і ў Менску знайсці працу, але не захацеў. Вырашыў крыху змяніць абстаноўку. Гады працы ў Расеі і Польшчы былі вельмі складаныя. У першую чаргу, псіхалагічна стаміўся. І зараз я дакладна ведаю: праца з нацыянальнымі камандамі здароўя не дадае…. А з дзецьмі працаваць неверагодна цікава! Па-першае, заўсёды прыемна бачыць, як твае веды дапамагаюць юным спартсменам расці, і ўсё гэта адбываецца на тваіх вачах. Па-другое, сярод дзяцей няма такога здрадніцтва, як у вялікім спорце. І я бачу, як свецяцца вочы ў дзетак ад гонару, што ў іх вядзе пачатковую падрыхтоўку трохразовы алімпійскі чэмпіён”.
Са слоў Парфяновіча, заробак у яго зараз не вельмі вялікі – мае каля 350-400 рублёў у месяц. Тым не менш, фінансавы складнік – не галоўны.
“Сёння многія беларусы зарабляюць столькі ж, – кажа ён. – І нічога – выжываюць. Ды і не вельмі хачу прыбядняцца, усё-такі паспеў назбіраць за сваё жыццё нейкую капейку. Больш за адзін батон не з’ясі і больш за адзін кавалак масла ў рот не запіхаеш. А ў мяне няма мэты штодзень мазаць гэты батон чырвонай ці чорнай ікрой. Я і без ікры добра пачуваюся… Жыву ў кватэры, якую прадаставілі. Увогуле, правінцыя – гэта не Менск. Кошты на пэўныя прадукты і паслугі тут ніжэйшыя, чым у сталіцы, таму пражыць прасцей. А яшчэ адна адметнасць – усе ва ўсіх на віду, усе адзін аднаго ведаюць. Таму п’яным па вуліцы не паходзіш, адразу ўвесь горад будзе ведаць”.
А вось пра магчымасці працаваць у будучым у складзе трэнерскага штаба зборнай Беларусі Уладзімір Парфяновіч разважае так: “Усяму свой час, і ўсяму свая песня. Тым больш што асабіста я не знайшоў яшчэ ўсе адказы на пытанні ў гісторыі са скандальным адлучэннем беларускай каманды ад удзелу ў апошняй Алімпіядзе”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя