Тры экіпажы „МАЗ-СПОРТаўта” ўвайшлі ў топ-10 чарговага этапу „Дакара”



Тры экіпажы беларускай каманды „МАЗ-СПОРТаўта” ўвайшлі ў дзясятку мацнейшых аднаго з самых працяглых у ходзе гонкі – 12-га этапу „Дакара”.

На спецучастку ў 523 км Сяргей Вязовіч заняў шостае месца. Першым фінішаваў галандзец Тон ван Генугтэн на Iveco – 7 гадзін 2 мін. 36 сек. Сяргей Вязовіч адстаў ад пераможца на 26 мін. 20 сек. Восьмым завяршыў этап Аляксей Вішнеўскі – +35 мін. Дзясятая пазіцыя ў Аляксандра Васілеўскага – +39 мін.

У генеральнай кваліфікацыі на першы радок вярнуўся расіянін Эдуард Нікалаеў на КамАЗе, які апярэджвае аргенцінца Федэрыка Вілагру. Трэцяе месца ў Сяргея Вязовіча з адставаннем 3 гадзіны 26 мін. 14 сек. Пазіцыі беларуса ў агульным заліку надзейныя. Айрат Мардзееў на КамАЗе, які займае чацвёртае месца, уступае Вязовічу каля дзвюх гадзін.

Пераможца агульнага заліку ў класе грузавікоў вызначыцца на заключных 13 і 14 этапах паміж гарадамі Сан-Хуан і Кордава, дзе фінішуе ралі-рэйд.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе „Дакар” сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам – тэлекам-аператар velcom. Марафон у гэтым годзе праходзіць па тэрыторыі трох краін – Перу, Балівіі і Аргенціны.

belta.by