Це пераломяць харваты статыстыку?



Сёння, 25 чэрвеня, на Еўра пройдуць тры матчы 1/8-й фіналу. Першымі спаборнікамі на гэтай стадыі стануць Польшча і Швайцарыя. Крыжакі ўпершыню дабраліся да такога бар’еру. Польская рэпрэзентацыя таксама на Еўра не была так высока. Чатыры гады таму на хатнім першынстве яна правалілася ў групе, але зараз глядзіцца куды больш грозна. Куба Блашчыкоўскі адзіны з бялэ-чэрвоных, хто забіваў па голе на двух Еўра, сёння да яго можа далучыцца і баварскі легіянер Робэрт Левандоўскі. Няпростая дылема стаіць перад трэнерам Адамам Навалкам – каго паставіць на браму: Войцэха Шчэнснага, які аднавіўся пасля траўмы ці Лукаша Фабіяньскага. Прыгадаем, што Польшча пакуль не прапускала на гэтым турніры. Абарона суперніка на чале з Янам Зоммерам таксама працуе як швайцарскі гадзіннік. А вось з рэлізацыяй момантаў у гэтай пары куды горш. Таму наўрад ці даводзіцца чакаць ад сустрэчы ў Сэнт-Эцьене граду галоў. Толькі прыгадаем, што ў кваліфікацыі бялэ-чэрвоны забівалі больш усіх. З 10 ранейшых спатканняў Польшча выйграла 4, у тым ліку 2 афіцыйныя, было 5 нічыіх і толькі адна вікторыя “крыжакоў”.

Пазней у Парыжы нас чакае брытанскае дэрбі Уэльс-Паўночная Ірляндыя. Гэтая страва магчыма не па гусце многім, раздаюцца нават галасы, што такія апаненты могуць дыскрэдытаваць Еўра, але ўсё гэта лухта. Валійцы з іх харызматычным Гарэтам Бэйлам як мала хто, нягледзячы на асечку з Англіяй, упэўнена выйшлі ў 1/8-ю з першага месца ў сваім квартэце. Бела-зялёныя ж даказалі многім, у тым ліку і беларусам, як далёка можа пайсці каманда сярэдняй рукі пры належнай працы і баявым нацыянальным духу. Прадстаўнікі Злучанага каралеўства спатыкаліся паміж сабой раней 38 разоў, выразная перавага на баку “цмокаў”- 18 перамог, паўночныя ірляндцы перамагалі 8 раз. У ростэрах зборных ажно 3 вядучыя абаронцы з клуба “Вест Бромвіч”: Гарэт Маколі і Джоні Эванс у паўночнікаў і Джэймс Чэстэр у валійцаў. Што цікава і судзіць апанентаў будзе брытанец – Марцін Аткінсан з Англіі. Так што ўсё бескампрамісна, але па сямейнаму. Дадам, што ў трох матчах з удзелам Уэльса на гэтым Еўра было забіта ажно 9 мячоў. Цікава, ці атрымае працяг тэндэнцыя сёння.

На завяршэнне дня футбольных гурманаў чакае шыкоўны дэсерт – у Лансе будуць супрацьдзеіць Харватыя і Партугалія. Цікава, што ў трох ранейшых рандэву верх нязменна бралі пірэнейцы. Больш таго, шахматныя ані разу не забівалі суперніку – розніца мячоў 0-6. Зараз жа балканцы, якія маюць багата сімпатыкаў па ўсім кантыненце, поўныя рашучасці пераламаць такую статыстыку. Перапынілі ж харваты ў апошнім матчы фантастычную серыю іншых пірэнейцаў – чэмпіёнаў Еўропы іспанцаў. Многае ў харвацкім аркестры будзе залежыць ад фізічнага стану плэймэйкера Лукі Модрыча. Ці выйдзе ён на поле – яшчэ пытанне. У партугальцаў нарэшце ўвайшоў у смак галоў яго аднаклубнік Крышціяну Раналду, так што ня грэх прыставіць да яго і персанальнага апекуна. Партугалія выглядае менш збалансаванай дружынай, у яе абароне здараюцца правалы. На чале ж Харватыі бліскучы тактык Антэ Чачыч, вельмі цікава які менавіта план падрыхтуе ён на гэты раз. На ўсялякі выпадак супернікі шліфуюць 11-мятровыя ўдары.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя