Ці бразнуць беларускія футбалісты дзвярыма?



Чэмпіён Савецкага Саюза ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў распавёў, якія перспектывы чакаюць зборную Беларусі па футболе.

Зборная Беларусі ў двух апошніх матчах адборачнага турніра прайграла два матчы запар – камандзе Люксембурга (0:1) і Швецыі (0:4) – і зараз займае ў турнірнай табліцы апошні радок.

7 кастрычніка беларусы згуляюць на дамашнім стадыёне са зборнай Галандыі, а 10 кастрычніка ў гасцях – з французамі.

Валерый Мельнікаў: З аднаго боку апошнія дзве гульні для нашай зборнай абсалютна ніякага значэння не маюць, а з іншага, як мне падаецца, наадварот – маюць вялізнае значэнне. У першую чаргу таму, што ў беларусаў з’яўляецца цудоўная магчымасць гучна бразнуць на развітанне дзвярыма. Усе мы ведаем, што з сябе прадстаўляюць зборныя Галандыі і Францыі. Але ж тут якраз хлопцы і могуць паказаць свой характар, даказаць сабе і заўзятарам, што выходзяць яны на поле не толькі дзеля “птушачкі”, а гонар маюць. Волю да перамогі маюць. Тут найперш закладзены псіхалагічны фактар. А непераможных каманд няма.

РР: Але як вы ўвогуле ацэньваеце гульню беларускай зборнай? Прагрэсу няма і не бачна?

Валерый Мельнікаў: Я б не драматызаваў сітуацыю. Не хачу кідаць камяні ні ў трэнера, ні ў гульцоў, бо крытыкі ў свой адрас апошнім часам яны і так пачулі дастаткова. Пры гэтым пад гэты “абстрэл” трапляюць усе трэнеры, якія змяняюцца на пасадзе “галоўнага” ў нацыянальнай камандзе. Не хачу казаць, што беларускі футбол дэградуе, бо ёсць жа поспехі беларускіх клубаў у еўракубках. Прыклад БАТЭ – яскравае таму пацвярджэнне. Таму трэба шукаць карані праблем, чаму зборная не паказвае выразную гульню. А аналітыкаў у нас хапае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя