Ці палепшылі Еўрапейскія гульні імідж Беларусі?
Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька распавёў, як насамрэч трэба паляпшаць імідж краіны ў вачах міжнароднай супольнасці.
Не так даўно беларускі кіраўнік выказаўся з нагоды, чаму апазіцыя была “занепакоена” Еўрапейскімі гульнямі, якія прайшлі ў Менску летам гэтага году.
“Ім што ні зрабі, то ўсё дрэнна, – абураўся Лукашэнка. – Яны занепакоіліся тым, што мы не кампенсавалі, не перакрылі тыя страты, якія былі напярэдадні і падчас гульняў. Пры гэтым яны абсалютна забываюць, што такое імідж Беларусі, што такое турыстычная плынь, а яна павялічваецца пасля гульняў, які прыбытак прынесла мерапрыемства нашым кампаніям…”
Анатоль Лябедзька: Найперш трэба адзначыць, што любую справу (і, тым больш, дзяржаўную) трэба рабіць якасна і прафесійна. Калі так зроблена, то ў разумнага чалавека наогул не будзе аніякіх пытанняў.
Калі ж усё робіцца кулуарна, закрыта, калі да інфармацыі няма доступу, то, натуральна, з’яўляюцца і пытанні, на якія трэба пачуць ясныя адказы. А самае галоўнае пытанне: ці была ў гэтых Гульнях мэтазгоднасць? І тут два чыннікі. Першы – фінансавы. Другі – іміджавы.
РР: Калі казаць пра іміджавы складнік…
Анатоль Лябедзька: Імідж краіны – гэта не пытанне аднаго нейкага мерапрыемства. Імідж складаецца, як канструктар, з вялікай колькасці дэталяў. Калі вы больш за 20 гадоў рабілі ўсё, каб імідж выглядаў дрэнным, то яго ніякімі гульнямі не палепшыш.
Вы лепш правядзіце празрыстыя сумленныя выбары, і вось гэта рэальна можа паўплываць на імідж краіны. Гэта менавіта тое мерапрыемства, якое мае іміджавую вагу, калі ўлада насамрэч клапоціцца пра аўтарытэт і імідж.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by