Ці палітызаваная Алімпіяда ў Рыа?
“Палітыка прысутнічае побач са спартсменамі, але многім трэба спачатку паглядзецца ў люстэрка”, – лічыць палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька.
Алімпіяда-2016, якая гэтымі днямі праходзіць у Бразіліі, выклікала не толькі спартыўны рэзананс, але і дала падставу многім казаць, што Гульні палітызаваныя і з гэтай нагоды многіх спартоўцаў з краін былога Саюза адмыслова не дапусцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе. Ці так гэта?
Анатоль Лябедзька: Не сакрэт, што палітыка недзе прысутнічае побач са спартсменамі, але для атлета, які рыхтуецца да Алімпіяды столькі гадоў, Гульні – гэта ў першую чаргу спаборніцтвы. Перамога на Алімпійскіх гульнях – прэстыж для краіны, а таму ў справу ўжо ўмешваюцца такія знешнія фактары, як брудны спорт. І гэта, на мой погляд, самае небяспечнае. Але, тым не менш, мільёны (альбо нават мільярды) людзей сядзяць ля тэлевізара і захапляюцца выступленнямі куміраў. Таму я б не казаў пра тое, што пераважвае на гэтых шалях – спорт ці палітыка. Хаця апошняя, паўтаруся, прысутнічае праз розныя забароненыя прыёмы.
РР: Расейскія СМІ амаль у адзін голас сцвярджаюць, што адлучэнне некаторых іх спартоўцаў ад Алімпіяды – чыстая палітыка, чарговыя санкцыі сусветнай супольнасці ў адносінах да Расеі. Згодны з гэтым?
Анатоль Лябедзька: Тут найперш трэба адзначыць, што ў расейскім спорце ёсць моцная прысутнасць расейскага палітычнага кіраўніцтва, дзяржавы і брудных тэхналогій. Калі б іх не схапілі за руку ў сітуацыі з ужываннем допінга, то нікога і не адлучалі б. Таму расейскім медыя, чыноўнікам і спартоўцам трэба проста падыйсці да люстэрка і паглядзецца. Усё ж такі чыннікам такіх дзеянняў міжнародных спартовых арганізацый было тое, што ў Расеі допінг быў пастаўлены, скажам так, на дзяржаўны ўзровень. Стаў часткай дзяржаўнай сістэмы. І калі супрацоўнікі спецслужбаў падмяняюць прабіркі, то да каго можна апеляваць? Пры чым тут Захад? Натуральна, што такая сістэма несумяшчальная са спортам. Таму прыйшоў час раставіць акцэнты і сказаць катэгарычнае “не” допінгу і шэрым схемам. Чысціня спорту ніколі не будзе ідэальная, але ж да гэтага патрэбна імкнуцца.
РР: Барацьба хуткіх і моцных пераўтвараецца ў барацьбу тэхналогій?
Анатоль Лябедзька: Трэнд на гэта існуе, але ж заўсёды ідзе барацьба чорнага і белага, дабра і зла. Спорт – не выключэнне. Таму альбо будуць пастаўлены шматлікія перашкоды, якія мінімізуюць допінг, альбо ўсё застанецца па-ранейшаму, калі допінг становіцца часткай бізнесу і карупцыйных схемаў. Тое, што выклік зроблены, абсалютна правільна. Без гэтага таленавітыя ад прыроды спартсмены будуць другімі, а перамагаць стануць тэхналогіі. І гэта несправядлівы.
РР: Шмат было размоў, каб у Беларусі на заканадаўчым узроўні было прынята жорсткае пакаранне за ўжыванне допінга. Ці падтрымліваеце вы такія прапановы?
Анатоль Лябедзька: Мера пакарання за ўжыванне допінга павінна абавязкова прысутнічаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя