Ці пройдзе ў Менску этап Кубка свету па фрыстайле?
Выканаўчы дырэктар Фонда спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін распавёў пра тое, чаму яны выступаюць супраць правядзення ў беларускай сталіцы буйных міжнародных спаборніцтваў.
Нагадаем, што этап Кубка свету па фрыстайле павінен прайсці ў Раўбічах 13 лютага. Фонд спартыўнай салідарнасці, які ўзначальвае Аляксандра Герасіменя, дамагаецца пераносу гэтага мерапрыемства.
Аляксандр Апейкін: Усе мы ведаем, што адбывалася падчас выбарчай кампаніі і пасля выбараў. Практычна ўся зборная Беларусі па фрыстайле выступіла супраць выбарчых фальсіфікацый і супраць гвалту ў дачыненні да людзей. У выніку пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі галоўнага трэнера зборнай Мікалая Казеку, пацярпела за пазіцыю і чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская.
Таму як можна праводзіць спартыўныя святы ў краіне, дзе адбываюцца такія падзеі? Мы выступаем не толькі за адмену этапа Кубка свету, але і іншых буйных спартыўных спаборніцтваў.
РР: У Менск наведваўся прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту Андрэй Рынальдзі, які абмяркоўваў правядзенне ў Менску этапа Кубка свету…
Аляксандр Апейкін: Так, ён сустракаўся з прадстаўнікамі Нацыянальнага алімпійскага камітэта, на камеру дыпламатычна распавядаў, што Менск заўсёды на ўзроўні арганізоўвае спаборніцтвы.
Але, наколькі вядома, у нефармальнай гутарцы спадар Рынальдзі быў вельмі занепакоены тым, што адбываецца ў Беларусі. І дадаў, што ў той жа час добра ведае пра сітуацыю, якая склалася вакол Мікалая Казекі і Аляксандры Раманоўскай.
А мы накіравалі адпаведны зварот, і зараз будзем весці перамовы з Міжнароднай федэрацыя лыжнага спорту. Дарэчы, днямі з’явіўся каляндар спартыўных падзей у Беларусі, які зацверджаны Саветам міністраў. Наколькі вядома, у пераліку міжнародных турніраў на 2021 год, якія пройдуць у Беларусі, лютаўскага этапа Кубка свету па фрыстайле ў Раўбічах няма. Як няма там і чэмпіянату свету па хакеі, якія запланаваны правесці ў гэтым годзе ў Менску і Рызе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novychas.by