Ці скінуць БАТЭ з “залатога” п’едэстала?
Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага футбольнага “Дынама” Валерый Мельнікаў прагназуе, ці можа ў гэтым сезоне з’явіцца новы чэмпіён краіны.
Нязменны чэмпіён Беларусі апошніх гадоў – барысаўскі БАТЭ – пасля сямі тураў ідзе на 4-м месцы, што, пагадзімся, крыху нязвыкла для вока заўзятара, які прызвычаіўся бачыць барысаўчан толькі ў лідарах. Магчыма, у гэтым сезоне БАТЭ складзе чэмпіёнскія паўнамоцтвы?
Валерый Мельнікаў: Па-першае, трэба адзначыць, што пасля першых сямі тураў ніякіх высноў рабіць не варта, бо ўсё толькі пачынаецца. Тым больш, у трох каманд, якія ідуць на другім, трэцім і чацвёртым месцах (“Іслачы”, “Шахцёра” і БАТЭ) роўная колькасць ачкоў (па 15), а да лідара – берасцейскага “Дынама” – усяго 2 ачкі. Менскае “Дынама” таксама не вельмі добра стартавала, але для сталічнай каманды гэта не ўпершыню. Такая ж хвароба была ў свой час і ў салігорскага “Шахцёра”, і ў іншых каманд, якія на фінішы моцна дадавалі, а на старце, што называецца, доўга запрагалі.
РР: Ці бачыце вы сёння каманды, якія могуць забраць “золата” ў БАТЭ?
Валерый Мельнікаў: Мяркую, гэта па сілам тром камандам – берасцейскаму “Дынама”, “Шахцёру” і сталічнаму “Дынама”. Мне падабаюцца ў гэтым сезоне берасцейцы, хаця ізноў-такі пакуль не варта рабіць нейкія высновы.
Некаторыя думалі, што пасля таго, як не стала старшыні праўшлення БАТЭ Анатоля Капскага, знікне і “сямейнасць” у камандзе, на чым БАТЭ і трымаўся. Але па матчах Лігі чэмпіёнаў мы бачым, што барысаўская каманда захавала традыцыі і пераемнасць. Мне падаецца, што асноўным канкурэнтам барысаўчан трэба будзе вельмі моцна пастарацца, каб выйграць “золата”. Але адно магу сказаць дакладна – інтрыга ў гэтым першынстве будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя