Ці стане Марадона для Беларусі “сваім хлопцам”?
Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец пракаментаваў жарсці вакол прыезда ў Брэст славутага аргенцінскага футбаліста.
17 ліпеня Дыега Марадона прыляцеў у Берасце на прыватным самалёце, паўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі і наведаў матч паміж брэсцкім “Дынама” і салігорскім “Шахцёрам”, у якім гаспадары поля не змаглі парадаваць старшыню праўлення клуба. Нагадаем, што кантракт з “Дынама” Марадона заключыў яшчэ 15 траўня.
Павел Знавец: Марадона, безумоўна, вялікі футбаліст. У рэйтынгу лепшага футбаліста ўсіх часоў ён супернічае з Пеле, Месі і Раналду, але мы бачым, што жыццё па-за футболам ў славутага футбаліста склалася не лепшым чынам. Ён рэгулярна трапляў у скандальныя хронікі, быў звязаны з наркотыкамі. Тыя, хто знаходзіцца зараз побач з Марадонай, відаць, лічаць, што лепшыя лекі — гэта пастаянная занятасць справай. На гэтым этапе, напэўна, і быў прапанаваны варыянт з працай у брэсцкім “Дынама”, у якога з’явіліся багатыя інвестары.
РР: Што будзе мець Беларусь і інвестар ад супрацы з легендай футбола?
Павел Знавец: На мой погляд, тут усё трымаецца на нейкіх сяброўскіх сувязях. Магчыма, футбаліст у добрых стасунках з кімсьці з інвестараў, а тыя грошы асабліва не лічаць. У багатых людзей сяброўства не вылічваецца выключна грашыма, тым больш, што не думаю, што размова ідзе пра вялізныя сумы. Гэта для бізнесменаў больш хобі. Нехта траціць грошы на адзенне альбо нерухомасць, хтосьці на дабрачыннасць, а гэтыя людзі вырашылі ўкладваць грошы ў футбол. Але я не веру, што для Беларусі Марадона стане “сваім хлопцам”. Вось зараз ён пакіне краіну, і я не ведаю, калі наступным разам тут з’явіцца. У Беларусі і ў клубе застанецца толькі яго імя. Хаця і вялікай шкоды ад гэтага не бачу. Беларускі футбол прынамсі нічога не страчвае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя