Ці захавае барысаўскі БАТЭ чэмпіёнскі тытул?
Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў падвёў вынікі першага круга чэмпіяната Беларусі па футболе.
Нагадаем, што пасля першага круга на першым месцы ідзе чэмпіён апошніх гадоў – барысаўскі БАТЭ, на другім — берасцейскае “Дынама”, на трэцім — салігорскі “Шахцёр”.
Валерый Мельнікаў: Пакуль што першынство мне вельмі падабаецца. Калі ў мінулым годзе на некаторых матчах я, вобразна кажучы, засынаў, то сёлета практычна ва ўсіх каманд ёсць свой стыль, а таму гульні праходзяць цікава, а часам і непрадказальна.
Пакуль што толькі адна каманда выпадае з гэтага своеасаблівага калектыва – менскае “Тарпеда”, але, наколькі мне вядома, у расейскага бізнесмена, які з’яўляецца гаспадаром клуба, вялікія праблемы з фінансамі, а таму праблемы з’явіліся і ў каманды. Па некаторай інфармацыі, федэрацыя хоча падтрымаць “Тарпеда”, хаця, на мой погляд, гэта не выхад. Калі ў федэрацыі ёсць лішнія грошы, то лепш накіруйце іх на дзіцячы футбол.
РР: Што думаеце пра лідараў чэмпіяната?
Валерый Мельнікаў: Берасцейскае “Дынама” ў гэтым годзе выглядае проста шыкоўна. Бачна, што перадсезонная падрыхтоўка і селекцыя прайшла на ўзроўні. БАТЭ рухаецца таксама ў сваім стылі і нават тое, што часова брэсцкая каманда заняла першы радок, іх не засмуціла. Адным словам, барысаўчане дэманструюць стабільнасць і гатовы прайсці шлях да канца.
Праўда, польская каманда “Пяст”, з якой БАТЭ сустракаўся ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, паставіла іх крыху на месца. Не трэба задзіраць нос раней часу.
РР: Ці можа берасцейскае “Дынама” ў гэтым годзе заваяваць золата?
Валерый Мельнікаў: Можа, бо ў камандзе навялі парадак. Чаго варты ўжо той факт, што ў клубе не займаюцца нейкімі глупствамі кшталтам запрашэння Марадоны. Піяр – гэта добра, але за кошт піяра на полі не перамагаюць.
А сёння ў берасцейскай каманды добры падбор футбалістаў. Сёння ў аснове не гуляе лепшы бамбардзір мінулага першынства Павел Савіцкі, а значыцца, ёсць з каго выбіраць. Адным словам, у гэтым сезоне берасцейскае “Дынама” як ніколі блізкае да таго, каб выйграць першынство. Але адбудзецца гэта толькі ў тым выпадку, калі брэстчане ў матчах з сярэднімі камандамі не будуць губляць ачкі. На фінішы перамагае той, у каго лепшая фізічная падрыхтоўка і настрой. Таму гарантую – інтрыга будзе трымацца да апошняга.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя