Ціханцоў стаў чэмпіёнам свету па цяжкай атлетыцы



Беларус Яўген Ціханцоў, які выступае ў вагавай катэгорыі 102 кг, выйграў залаты медаль на Чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Патае. Па суме двубор’я беларускі спартовец паказаў вынік 398 кг (180 ў рыўку + 218 у штуршку), стаўшы акрамя золата ўладальнікам яшчэ двух малых срэбраных медалёў у рыўку і штуршку. Срэбра заваяваў карэец Ян Юнсонг з вынікам 397 кг. Замкнуў тройку прызёраў планетарнага форуму іранец Рэза Дэхдар – 394 кг (175 + 219). Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі Андрэй Арлёнак размясціўся на 9-й пазіцыі ў выніковым пратаколе з вынікам 375 кілаграмаў (175 + 200).

Берасцейскае «Дынама» і БАТЭ не вызначылі пераможцу

Футбалісты берасцейскага «Дынама» і барысаўскага БАТЭ згулялі ўнічыю ў перанесеным матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі. Цэнтральны паядынак чэмпіянату краіны прайшоў у Берасці пры аншлагу і пад акампанемент дажджу. Матч пачаўся з нападаў дынамаўцаў, і на 6-й хвіліне былы гулец барысаўчан Міхаіл Гардзяйчук мог адкрыць лік, але пасля яго ўдару мяч трапіў у ашэстак брамы. Госці адказвалі контратакамі, і незадоўга да перапынку іх лідэр Ігар Стасевіч выйшаў на галявую пазіцыю, але і яго ўдар прыйшоўся ў перакладзіну. Другая палова гульні пачалася вельмі бурна: ужо на 20-й секундзе Міхаіл Гардзяйчук усё ж трапіў у браму сваіх былых аднаклубнікаў. Барысаўчане адказалі серыяй вострых нападаў, і праз 7 хвілін Станіслаў Драгун аднавіў раўнавагу. У далейшым гульня праходзіла на сустрэчных курсах, абодва супернікі мелі шанцы вызначыцца, але лік не змяніўся – 1:1. Таксама ў сераду футбалісты салігорскага «Шахцёра» згулялі ўнічыю ў гасцях у «Гарадзеі» – 0:0, а ў Мазыры «Віцебск» адолеў мясцовую «Славію» з мінімальнай перавагай – 1:0. Берасцейскае «Дынама» захоўвае лідараства, маючы 55 ачкоў, на другім і трэцім месцы барысаўскі БАТЭ і салігорскі «Шахцёр», у якіх па 50 ачкоў і матч у запасе.

«Ягелонія» вылецела з Кубка Польшчы

Ужо на першым для сябе этапе Кубка Польшчы па футболе беластоцкая «Ягелонія» развіталася з турнірам. У 1/32 фінала каманда Ірэніўша Мамрота прайграла «Краковіі» з лікам 2:4. Галы за беластоцкую дружыну забівалі Хуан Камара і Войцэх Блышко. У бліжэйшую нядзелю беластачане прымуць у рамках чэмпіяната краіны «Погонь» Шчэцін.

Гандбалісткі з паразы стартавалі ў адборавым турніры да Еўра

Гандбалісткі жаночай зборнай Беларусі няўдала стартавалі ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2020 года. У паядынку першага тура 3-яй кваліфікацыйнай групы падначаленыя Томажа Чатэра ў нямецкім Кобурзе прайгралі камандзе Нямеччыны з лікам 30:40. Свой наступны матч беларускі правядуць 29 верасня ў менскім палацы спорту «Уручча» супраць гандбалістак Славеніі.

«Нёман» прайграў «Дынама-Маладзечна»

У чарговым матчы экстралігі А хакеісты «Дынама-Маладзечна» нанеслі гарадзенскаму «Нёману» першую з канца жніўня паразу з лікам 6:3 і ўзначалілі турнірную табліцу. Зрэшты, па страчаных ачках па-ранейшаму наперадзе «Юнацтва», якое з цяжкасцю абыграла жлобінскі «Металург» – 2:1. «Магілёў» вялікую частку сустрэчы з гамяльчанамі вёў у ліку, аднак ўтрымаць перавагу не здолеў. «Рысі» ударна правялі трэці перыяд і запісалі на свой рахунак перамогу 4:2. «Шахцёр» не меў праблем у матчы з «Лідай» – 6:1.

Кірыенка на 5 хвілін адстаў ад пераможцы на шашы ў Ёркшыры

Беларус Васіль Кірыенка заняў 31-е месца ў мужчынскай гонцы з раздзельным стартам на чэмпіянаце свету па веласпорце на шашы ў Ёркшыры. Кірыенка праехаў 54-кіламетровую дыстанцыю за гадзіну 10 хвілін і 21 секунду. Гэта больш на 5 хвілін, чым у аўстралійца Дэніса Раана, які стаў чэмпіёнам свету ў дадзеным выглядзе праграмы.

Беларускае Радыё Рацыя