Ціханцоў заваяваў золата Гран-пры па цяжкай атлетыцы ў Гаване



Беларус Яўген Ціханцоў заваяваў залаты медаль Гран-пры па цяжкай атлетыцы ў Гаване, які з’яўляецца адным з кваліфікацыйных турніраў да Алімпіяды-2024. У вагавай катэгорыі 102 кг беларускі атлет заняў першае месца з вынікам 390 кг (178+212).
Раней у кубінскай сталіцы беларускія спартоўцы заваявалі пяць узнагарод. У Гаване выступаюць 13 беларускіх цяжкаатлетаў – 8 мужчын і 5 жанчын, яны спаборнічаюць у нейтральным статусе. Турнір завершыцца 18 чэрвеня.

Ілюстрацыйнае фота

40-гадовы Міхноў пакінуў «Металург»

40-гадовы ўраджэнец Кіева Аляксей Міхноў пакінуў жлобінскі «Металург». Хакеіст гуляў за каманду з сезона-2019/20. Усяго ў Міхнова 199 матчаў за «Металург», у якіх ён закінуў 84 шайбы і зрабіў 90 выніковых перадач. У мінулым сезоне форвард правёў за «Металург» 29 матчаў і набраў 28 (9+19) ачкоў.

У Гародні можа прайсці міжнародны клубны турнір з камандамі з Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана

Як паведамляе Telegram-канал «Селівон», у Гародні можа прайсці міжнародны таварыскі турнір. Ён мусіць прайсці ў другой палове жніўня. Акрамя «Нёмана» ў ім прымуць удзел тры каманды. Меркавана, гэта можа быць віцэ-чэмпіён ВХЛ «Сокал» з Краснаярска, чэмпіён Казахстана «Номад» і «Хумо» з Узбекістана, які стаў фіналістам адкрытага чэмпіянату Казахстана. Два пераможцы першага этапа турніру пройдуць у фінальную частку, дзе сустрэнуцца з чэмпіёнамі ВХЛ «Хімікам» і экстралігі «Металургам». Прадугледжваецца, што фінальная частка пройдзе ў Жлобіне ў лістападаўскай міжнароднай паўзе.

Зборная Украіны па пляжным футболе адмовілася ад удзелу ў адборы з-за допуску Беларусі

Асацыяцыя пляжнага футбола Украіны зрабіла заяву ў сувязі з допускам зборнай Беларусі да ўдзелу ў адборы да чэмпіянату свету. «Працягваем тэму еўрапейскай кваліфікацыі да чэмпіянату свету па пляжным футболе 2023 года ў ААЭ. Як бачна з папярэдняга рэгламенту працэдуры лёсавання асобным пунктам пазначана, што ў адборы ў Мундыяль не будуць удзельнічаць краіна-тэрарыстка Расія і яе саўдзельніца Беларусь.

Але перад працэдурай лёсавання Міжнародная федэрацыя пляжнага футбола вярнула ў спіс каманд-удзельніц Беларусь, якая трапіла ў групу D. Таму зборная Украіны па пляжным футболе адмаўляецца прымаць удзел у еўрапейскім адборы ў ЧС-2023 у Баку.

Беларускае Радыё Рацыя