Ціманоўская на чэмпіянаце свету не прабілася ў паўфінал у бегу на 100 метраў



Беларуска Крысціна Ціманоўская, якая цяпер мае польскае грамадзянства і выступае за Польшчу, паўдзельнічала за новую краіну ў забегу на 100 метраў на чэмпіянаце свету ў Будапешце. У папярэднім забегу Ціманоўская зрабіла фальстарт. За гэта бягуху папярэдзілі, і ў выпадку другога фальстарту яе выдалялі бы са спаборніцтваў. З другой спробы спартоўкі стартавалі ўжо без фальстартаў, Ціманоўская лідаравала ў забегу на 50 метрах, аднак на апошніх мэтрах яе апярэдзілі адразу чатыры канкурэнткі.  У выніку толькі 5-е месца ў забегу, і Ціманоўская выбыла са спаборнцітваў на гэтай дыстанцыі.

Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру WTA у Кліўлендзе

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру WTA у   Кліўлендзе. У вырашальнай сустрэчы беларуска абыграла мексіканку Фернанду Кантрэрас Гомес 7:5, 4:6, 6:2.

Новак Джокавіч абыграў Карласа Алькараса і стаў пераможцам „Мастэрса” ў Цынцынаці.

Завяршыўся фінальны матч турніру серыі „Мастэрс” у Цынцынаці, у якім сустрэліся серб Новак Джокавіч і прадстаўнік Іспаніі Карлас Алькарас. Джокавіч абыграў суперніка з лікам 5:7, 7:6 (9:7), 7:6 (7:4) і стаў пераможцам спаборніцтваў. Працягласць сустрэчы склала 3 гадзіны 49 хвілін. Прызавы фонд турніру ў Цынцынаці склаў 6 мільёнаў 600 тысяч даляраў.

Менскае „Дынама” абыграла „Слуцк”

Футбалісты менскага „Дынама” абгулялі „Слуцк” у матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе. Падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі святкавалі перамогу 2:1. Лік у матчы адкрыў чарнагорскі нападнік менскага „Дынама” Душан Бакіч на 33-й хвіліне. У другой палове паядынку паўабаронца „бела-блакітных” Глеб Жэрдзеў падвоіў перавагу сваёй каманды на 57-й хвіліне. „Слуцк” здолеў адквітаць адзін гол, дзякуючы аўтаголу галкіпера мінчан Арцёма Макавічка на 66-й хвіліне супрацьстаяння. Футбалісты менскага „Дынама” працягнулі серыю без паразаў да пяці матчаў, тройчы выйграўшы і двойчы згуляўшы ўнічыю. Менчане ўзначальваюць турнірную табліцу з 39 набранымі ачкамі. „Слуцк” перапыніў трохматчавую серыю без паразаў і з 22 ачкамі  размяшчаецца на шостым радку.

„Барселона” даціснула „Кадыс”

У матчы 2-га тура іспанскай Ла Лігі „Барселона” абыграла „Кадыс” 2:0.

На 82-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца „Барселоны” Педры, якому асіставаў Ілкай Гюндаган. У кампенсаваны час з перадачы Роберта Левандоўскага вызначыўся Феран Торэс. Па выніках двух згуляных матчаў каманда Хаві Эрнандэса займае чацвёртае месца з чатырма ачкамі ў актыве.

У матчы 1-га тура італьянскай Серыі А „Удзінзэ” разгромна прайграў турынскаму „Ювентусу” 0:3. У самым пачатку сустрэчы, на другой хвіліне, нападнік «Юве» Федэрыка К’еза з перадачы Душана Улахавіча адкрыў лік у матчы. На 20-й хвіліне Улахавіч змог вызначыцца сам, паспяхова рэалізаваўшы пенальці. Пад канец першага тайма паўабаронца Адрыен Раб’ё забіў чарговы мяч, давёўшы лік да разгромнага.

Зборная Гішпаніі выйграла чэмпіянат свету па футболе сярод жанчын

У Аўстраліі і Новай Зэляндыі завяршыўся чэмпіянат свету па футболе сярод жанчын. У фінальным матчы зборная Гішпаніі перамагла каманду Англіі з лікам 1:0. Адзіны гол у фінальным матчы забіла Вольга Кармона з мадрыдскага „Рэала”. Большая частка футбалістак асноўнага чэмпіёнскага складу гуляюць за „Барселону”. Гішпанская жаночая каманда ўпершыню стала чэмпіёнам свету. Сярод мужчын Гішпанія выйгравала першынства ў 2010 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя