«Цмокі-Мінск» перамаглі «Ружамберок» у Еўракубку
Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” cвяткавалі першую перамогу ў розыгрышы Еўракубка. На пляцоўцы менскага Палаца спорту ў матчы 3-га тура спаборніцтваў у групе D падначаленыя Андрэя Ваўлева абыгралі славацкі клуб „Ружамберок” з лікам 64:53.
Самай выніковай у складзе менчанак стала цэнтравая Одэра Чыдам, якая набрала 22 ачкі. У першым паядынку групавога этапу чэмпіёнкі Беларусі прайгралі на выездзе турэцкаму клубу „Хатай” – 71:79, а затым на хатняй арэне саступілі краснаярскаму „Енісею” з лікам 68:79. Свой наступны паядынак у розыгрышы Еўракубка чэмпіёнкі Беларусі правядуць 6 лістапада ў Менску супраць „Хатая”.
Пісарэнка па-за п’едэсталам на моладзевым чэмпіянаце свету
Беларуска Юлія Пісарэнка, якая выступае ў вагавай катэгорыі 59 кг, заняла 5-е месца на моладзевым чэмпіянаце свету па жаночай барацьбе, які працягваецца ў Будапешце. Паспяхова пераадолеўшы супраціў вугоркі Эрыкі Богнар 4:0 на старце турніру, Юлія Пісарэнка змагла развіць поспех у паядынку супраць амерыканкі Эбігэйл Элізабэт Нэтэ 4:1. Аднак у паўфінале беларуска была вымушана прызнаць перавагу малдаванкі Анастасіі Нічыты 3:8. У спрэчцы за бронзавы медаль шлях на п’едэстал спартоўцы з Быхава заступіла канадка Ціана Грэйс Кенэт – 6:5.
Кітарава аштрафавалі за падсечку
Форвард менскага „Дынама” Аляксандр Кітараў аштрафаваны за падсечку. Гэта стала вядома пасля таго, як спартова-дысцыплінарны камітэт КХЛ разгледзеў эпізод матчу рэгулярнага чэмпіянату паміж „Трактарам” і менскім „Дынама”, які завяршыўся на карысць супернікаў «зуброў» з лікам 4:1.
„На падставе прадстаўленых матэрыялаў прынята рашэнне накласці на нападніка „Дынама” Аляксандра Кітарава пакаранне і падвергнуць грашоваму штрафу”, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта КХЛ.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота fiba.basketball