„Цмокі-Мінск” прайгралі баскетбалісткам „Віслы” ў Еўракубку
Баскетбалісткі „Цмокі-Мінск” пацярпелі першае паражэнне ў групавым этапе Еўракубка.
У другім туры спаборніцтваў папярэдняй групы С падапечныя Андрэя Ваўлева прымалі на арэне менскага Falcon Club польскую „Віслу” з Кракава і ўступілі з лікам 56:61.
На старце турніру чэмпіёнкі Беларусі перайгралі ў Стамбуле адзін з мацнейшых турэцкіх клубаў „Бешыкташ” з лікам 68:63. Спартсменкі „Віслы” ў сябе дома былі мацнейшымі за расійскую „Інвенту” з Курска – 76:58.
У іншым паядынку „Інвента” сустракалася ў Курску з баскетбалісткамі „Бешыкташа” і вырвала перамогу з вынікам 68:67.
Турнірнае становішча пасля двух гульнявых дзён: „Вісла” – 4 балы, „Цмокі-Мінск” – 3, „Інвента” – 3, „Бешыкташ” – 2.
Свой наступны матч „Цмокі-Мінск” правядуць 8 лістапада на выездзе супраць „Інвенты”.
У плэй-оф Еўракубка выйдуць па дзве лепшыя каманды з 10 папярэдніх груп.