„Цмокі” не змаглі выйсці ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў



Баскетбалісты „Цмокі-Мінск” не змаглі прабіцца ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы па суме дзвюх сустрэч 3-га раўнда кваліфікацыі французскаму „Нантэру”.

Супернікі сустракаліся паміж сабой 29 верасня ў Менску і тады не выявілі пераможцу, завяршыўшы паядынак унічыю – 68:68, і лёс пуцёўкі ў групу вырашаўся 2 кастрычніка на пляцоўцы французскага клуба. У першай палавіне гульні гаспадары былі больш дакладнымі і выйгралі з лікам 45:38. Пасля перапынку госці перахапілі ініцыятыву і да завяршэння трэцяй чвэрці вырваліся наперад – 57:56. Ледзь пачаўся апошні перыяд, як у гульнявой зале згасла святло, і сустрэча была спынена. На ліквідацыю непаладак пайшло дзве гадзіны, пасля чаго матч прадоўжыўся. Паўза негатыўна паўплывала на дзеянні мінчан і ў выніку яны саступілі з лікам 75:80 (20:25, 18:20, 19:11, 18:24). У складзе „драконаў” самым выніковым стаў Крыс Чарапавіч, у актыве якога 16 ачкоў. У двух папярэдніх кваліфікацыйных раўндах падапечныя Аляксандра Круцікава выйгралі ў косаўскай „Прышціны” – 57:50 (у гасцях) і 89:74 (дома), а затым быў абыграны кіеўскі „Будзівельнік” – 69:64 (дома) і 60:51 (у гасцях). Цяпер менскім баскетбалістам давядзецца выступіць у другім кантынентальным турніры – Кубку ФІБА, пераможцам якога ў мінулым сезоне стаў якраз „Нантэр”.

На гэтым тыдні чэмпіёнам Беларусі трэба будзе ўзяць старт у рэгулярным сезоне Адзінай лігі ВТБ. 5 кастрычніка „Цмокі” згуляюць у гасцях у падмаскоўных „Хімак”, якія ў фінальнай серыі мінулага сезона саступілі тытул пераможцы „банкаўскага” турніру маскоўскаму ЦСКА.

belta.by